Падчас рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка наведаў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку. «Думаю, зайду ў храм і хоць бы свечку пастаўлю. Я даўно ўжо быў у вас», — адзначыў ён.

У Крыжаўзвіжанскім саборы ён запаліў свечку, пакланіўся крыжу і мошчам прападобнай Ефрасінні Полацкай.

Звяртаючыся да настаяцельніцы манастыра ігуменні Еўдакіі, Лукашэнка паабяцаў: «Калі нешта трэба, скажы Наталлі Іванаўне (старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Заўв.). Мы знойдзем час, каб прыехаць і дапамагчы».

Затым Аляксандру Лукашэнку далажылі аб ходзе рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы. Гісторыя рэстаўрацыйных работ паказала, што пра храм многае было невядома. Гэты рэлігійны і архітэктурны помнік унікальны тым, што ў ім на 90% захаваліся фрэскі XII стагоддзя. Усе віды работ плануецца скончыць да 2024 года. Усяго ж на аднаўленне фрэсак спатрэбілася каля двух дзесяцігоддзяў. У працэсе рэстаўрацыі былі зроблены і важныя знаходкі, у тым ліку пячаці самой Ефрасінні Полацкай.

Лукашэнка пагутарыў з археолагамі — студэнтамі Полацкага ўніверсітэта. Кіраўнік дзяржавы ўспомніў, як і ён сам у студэнцкія гады выязджаў на археалагічныя раскопкі, у тым ліку на Дняпры. «Знаходзілі старажытныя прылады працы, пачынаючы са скрабкоў», — дадаў ён.

«Хлопцы, дзякуй вам за працу. Жывіце мірна, дружна і абавязкова тут», — даў наказ Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0