Майкл Бэйкер, фота з асабістага архіва

Майкл Бэйкер, фота з асабістага архіва

Шведскія ўлады здзейснілі памылку, калі адмовіліся ўводзіць жорсткія абмежаванні для барацьбы з эпідэміяй COVID-19. Пра гэта ў інтэрв'ю РБК заявіў навуковы дарадца ўрада Новай Зеландыі, прафесар Майкл Бэйкер. Паводле яго слоў, падыход Швецыі да барацьбы з вірусам засноўваўся на трох няслушных гіпотэзах.

«Першая гіпотэза ў тым, што нават ва ўмовах распаўсюджвання віруса [і адсутнасці маштабнага лакдаўна] вы можаце абараніць грамадзян, якія ўваходзяць у групы рызыкі, але ў шведаў гэтага не атрымалася», — адзначыў ён. Раней галоўны эпідэміёлаг краіны Андэрс Тэгнел прызнаў, што ўлады не змаглі прадухіліць з'яўленне асяродкаў захворвання ў дамах састарэлых, што забрала жыцці пажылых людзей. Акрамя таго, смяротнасць ад віруса ў Швецыі вышэйшая, чым у суседніх Нарвегіі, Даніі і Фінляндыі.

Згодна з другой гіпотэзай, якую вылучалі дарадцы шведскіх уладаў, насельніцтва краіны зможа хутка набыць калектыўны імунітэт, указаў Бэйкер. «Зрэшты, асаблівых зрухаў тут таксама не адбылося», — сказаў ён.

Паводле статыстыкі, толькі ў Стакгольме на COVID-19 перахварэлі менш за 10%, а для выпрацоўкі «калектыўнага імунітэту» неабходна пераадолець парог у 60% тых, хто захварэў па ўсёй краіне.

«Трэцяя гіпотэза заключалася ў тым, што адсутнасць каранцінных мер дазволіць пазбегнуць эканамічных выдаткаў, але і такія надзеі не апраўдаліся», — удакладніў Бэйкер. Як вынікае з прагнозаў Еўракамісіі, ВУП Швецыі па выніках 2020 года ўпадзе на 6,1%.

Бэйкер адзначыў, што асабіста знаёмы са шведскімі экспертамі-эпідэміёлагамі і паважае іх як прафесіяналаў. «На момант пачатку пандэміі ніхто не мог сказаць напэўна, які шлях правільны, а які не, і аргументы шведскіх навукоўцаў мелі пад сабой некаторую логіку. Тым не менш варта прызнаць, што Швецыя дапусціла памылку», — сказаў ён, выказаўшы надзею, што каралеўства адкарэктуе сваю стратэгію барацьбы з вірусам.

Па словах Бэйкера, на пачатковай стадыі пандэміі некаторыя навукоўцы ў Новай Зеландыі праяўлялі цікавасць да вопыту Швецыі, аднак у выніку мясцовыя ўлады вырашылі пайсці шляхам азіяцкіх дзяржаў, якія аператыўна прынялі жорсткія меры для барацьбы з COVID-19.

«Гэта дазволіла нам ліквідаваць большасць ланцужкоў перадачы віруса, а таксама павялічыць аб'ём тэставання — аж да 5-10 тыс. тэстаў у дзень пры насельніцтве 5 млн чалавек», — паведаміў ён.

Новая Зеландыя ўжо змагла падавіць усе агмені ў краіне і зняла ўсе абмежаванні, якія тычацца сацыяльнага дыстанцыявання.

Швецыя — адна з нямногіх, хто адмовіўся ад жорсткіх мер ізаляцыі ў адказ на пандэмію. Навуковы дарадца ўрада краіны Юхан Гізэке сцвярджаў у размове з РБК, што шведская сістэма аховы здароўя спраўляецца з наплывам заражаных, а жорсткія абмежаванні не дапамаглі б у доўгатэрміновай перспектыве. «Усё, што робіць жорсткі каранцін, — гэта адкладае развязанне праблемы, якая перад вамі стаіць. Але гэтая праблема па-ранейшаму застаецца актуальнай праз пару месяцаў», — адзначыў ён у пачатку мая, выказаўшы надзею на выпрацоўку ў шведаў калектыўнага імунітэту на працягу некалькіх месяцаў.

Па стане на 15 чэрвеня ў Швецыі было 52 383 выпадкі заражэння каранавірусам і 4891 смяротны вынік, у Новай Зеландыі — 1504 і 22 (па звестках Універсітэта Джонса Хопкінса). Насельніцтва Новай Зеландыі ў два разы меншае, чым Швецыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0