Каля 150 новых выпадкаў каранавіруса зафіксавана ў Полацкім раёне за апошні тыдзень, з 8 да 15 чэрвеня. Гэта амаль у тры разы больш, чым за папярэднія сем дзён — з 1 па 8 чэрвеня, паведамляе gorod214.by.

Паводле афіцыйных звестак, з пачатку года ў Полацку і Полацкім раёне выяўлена 407 лабараторна пацверджаных выпадкаў COVID-19. Гэта на 148 выпадкаў больш, чым было тыдзень таму. Сярод хворых 46 дзяцей, у той час як сем дзён таму афіцыйна паведамлялі пра 20 выпадкаў захворвання ў дзяцей. Выздаравеў 181 пацыент (+30 за тыдзень).

Зараз праходзяць лячэнне 140 пацыентаў з дыягназам пнеўманія (+38 за тыдзень). З іх 24 чалавекі старэйшыя за 65 гадоў і двое дзяцей. У цяжкім стане знаходзяцца шэсць чалавек (+4), чацвёра падключаныя да апарата ШВЛ (+2).

— Медыцынскія работнікі заклікаюць палачан быць адказнымі за здароўе — сваё і навакольных. Для гэтага, перш за ўсё, неабходна выконваць меры прафілактыкі. У іх ліку сацыяльнае дыстанцыяванне, выкарыстанне масак у грамадскіх месцах, апрацоўка рук дэзынфікуючымі сродкамі. Грамадзянам старэйшага ўзросту і асобам, якія адносяцца да катэгорыі павышанай рызыкі, якія пакутуюць ад хранічных захворванняў, не рэкамендуецца наведваць грамадскія месцы, — піша газета райвыканкама.

Адзначым, што дзесяць дзён таму ў Полацку прайшоў хросны ход у памяць Еўфрасінні Полацкай. Яго наведалі дзясяткі чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0