Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з актывам Гродзеншчыны, піша sb.by.

Паводле яго слоў, гонар рэгіёну — сельская гаспадарка:

— Вобласць трывала займае першае месца ў рэспубліцы па тэмпах вытворчасці сельгаспрадукцыі, ураджайнасці збожжавых. Ды і ў прамысловасці, дзе, нават нягледзячы на складаную сітуацыю з каранавірусам, практычна ўдалося захаваць аб'ёмы на ўзроўні мінулага года. Але так было не заўсёды. Быў час, калі пасля развалу Саюза палова вашых людзей ездзіла з бауламі ў Польшчу, мы гэта памятаем, а іншая — атрымлівала жабрацкі заробак на паўразваленых прадпрыемствах. На шчасце, мы тады прынялі неабходныя меры. І сёння можам разам ганарыцца дасягненнямі нашай Гродзеншчыны.

Кіраўнік дзяржавы прывёў такія лічбы: за 25 гадоў аб'ём прамысловай вытворчасці вырас больш чым у 4 разы. Экспарт тавараў — амаль у 5 разоў.

— Толькі за 2 апошнія пяцігодкі сярэдні заробак па вобласці павялічыўся амаль удвая. Пры гэтым, як мне дакладваюць, на 1 чэрвеня не дапушчана пратэрмінаванай запазычанасці па яе выплаце.

Паводле звестак Белстата, сярэдні заробак у Гродзенскай вобласці за красавік «бруднымі» склаў 1020 рублёў (гэта было 374 еўра).

У Польшчы ў першым квартале складаў 5331 злоты (на сёння гэта каля 1200 еўра) да выліку падаткаў, а мінімальны 2600 злотых (585 еўра).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0