Незадоўга да пераводу зь ім сустракалася маці Ірына Баляславаўна. «Сын трымаецца малайцом», – кажа яна.
Кіраўніка шчучынскага выбарчага штаба Аляксандра Мілінкевіча Сяргея Ляшкевіча перавялі з Гарадзенскай турмы ў Глыбокае. С.Ляшкевіч быў асуджаны Шчучынскім раённым судом да 5 месяцаў турэмнага арышту нібыта за падрыхтоўку масавых беспарадкаў падчас выбараў прэзыдэнта. У часе сьледзтва ён адбыў ужо больш паловы тэрміну пакараньня і мае права на датэрміновае вызваленьне. Сяргей падаў хадайніцтва і цяпер чакае адпаведнага адказу.
Незадоўга да пераводу ў Глыбокае зь ім сустракалася маці Ірына Баляславаўна. «Сын трымаецца малайцом, спакойны. Больш мяне супакойваў, вытрыманы хлопец», – кажа спн.Ляшкевіч. У выпадку датэрміновага вызваленьня Сяргей Ляшкевіч мае магчымасьць уладкавацца па спэцыяльнасьці ў адной з гаспадарак Шчучынскага раёну.
Адвакат Сяргея Андрэй Шчапяткоў лічыць, што перавод у іншую турму ніяк не ўплывае на шанцы С.Ляшкевіча быць вызваленым датэрмінова.