Міністэрства адукацыі Беларусі выступае супраць адкрыцця ў краіне новых гімназій і ліцэяў.
Пра гэта журналістам заявіў намеснік міністра Казімір Фарына 9 красавіка ў Мінску.

Пытанне аб неабходнасці стварэння новых гімназій і ліцэяў узнікла ў сувязі са зменамі ў сістэме адукацыі, якія ўведзены дэкрэтам прэзідэнта № 15 ад 17 ліпеня 2008 года «Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі».

Ён прадугледжвае вывучэнне прадметаў ва ўсіх агульнаадукацыйных установах на базавым узроўні па адзіных праграмах. Для навучэнцаў, якія выказалі асаблівую цікавасць да асобных прадметаў, прадугледжана магчымасць іх вывучэння на павышаным узроўні ў межах факультатываў. Пры гэтым у агульнаадукацыйных установах скасаваны ліцэйскія і гімназічныя класы, але захоўваецца асаблівы статус ліцэяў і гімназій.

«Колькасць гімназій і ліцэяў павялічана не будзе, як бы гэтага камусьці ні хацелася», — заявіў К.Фарыно.
Паводле яго слоў, магчыма, у Беларусі і будуць створаны адна-дзве такія ўстановы, але ў Мінску іх дастаткова для таго, «каб навучэнцы маглі рэалізаваць свае здольнасці і задаволіць жаданні бацькоў».

Як лічыць намеснік міністра, замест пашырэння сеткі гімназій і ліцэяў неабходна ствараць «дастойныя ўмовы» ў існуючых навучальных установах. Напрыклад, на яго думку, заняткі ў гімназіях і ліцэях павінны быць арганізаваны выключна ў першую змену.

Як падкрэсліў К.Фарына, адбор навучэнцаў у ліцэі і гімназіі сёлета будзе «вельмі ўзважаным», па выніках трох уступных экзаменаў.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Зоі Хахловай, калі сёлета попыт на вучобу ў гімназіях і ліцэях сталіцы ўзрасце, то ў такіх установах можа быць павялічана колькасць паралельных класаў.

Цяпер у Беларусі налічваецца 186 гімназій і 36 ліцэяў.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0