Разліковы рахунак Бабарыкі, на якім знаходзіцца сфарміраваны выбарчы фонд, заблакаваны.

Сёння пры спробе ажыццяўлення плацяжоў за кошт сродкаў выбарчага фонду, супрацоўнікі Беларусбанка паведамілі, што разліковы рахунак Віктара Бабарыкі, на якім знаходзіцца сфарміраваны выбарчы фонд, заблакаваны — арыштаваныя расходныя аперацыі па рахунку, паведамляе яго штаб.

Цяпер на разліковым рахунку знаходзяцца больш за сто тысяч рублёў.

«Разам з тым, арышт сродкаў выбарчага фонду не адаб’ецца на бягучай дзейнасці штаба. У штабе і на пікетах па зборы подпісаў працуюць валанцёры, сябры ініцыятыўных груп, якія не атрымліваюць аніякіх выплат. Усе сабраныя подпісы будуць належным чынам верыфікаваныя і пададзеныя ў адпаведныя выбарчыя камісіі», — паведамляе штаб.

Пераслед калег Віктара Бабарыкі і атакі на яго самога пачаліся, калі стала вядома, што яго ініцыятыўная група сабрала рэкордную для альтэрнатыўнага кандыдата колькасць подпісаў — 380 001 па стане на сёння.

Раней максімум — 217 тысяч — сабраў у 1994-м, яшчэ на свабодных выбарах, Зянон Пазняк. У Аляксандра Мілінкевіча ў 2006-м было 198 тысяч. У Сямёна Домаша ў 2001-м — 164 тысячы.

Чытайце: Колькі подпісаў збіралі дэмакратычныя кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах? ТАБЛІЦА

Таксама і шэраг апытанняў паказаў, што менавіта Віктар Бабарыка мог бы стаць фаварытам сумленных выбараў. 

Бабарыка спрабуе выбудаваць шырокую антылукашэнкаўскую кааліцыю з удзелам самых розных сілаў. Яго кандыдатуру падтрымала таксама нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

Ператрусы ў Белгазпромбанку, менеджарам якога доўгі час быў Віктар Бабарыка, і ў кампаніях сяброў Бабарыкі, адбыліся 11 чэрвеня. Ні пра якія прэтэнзіі да гэтых кампаній не было вядома, пакуль гэты банкір і мецэнат не заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Ён сышоў у адстаўку з банка ў дзень, калі заявіў пра свой намер балатавацца.

Сам Бабарыка назваў дзеянні сілавікоў і заявы Лукашэнкі ціскам на сябе.

«Уся мая дзейнасць, якая праходзіла на пасадзе кіраўніка Белгазпрамбанка цягам 20 гадоў, не выклікала заўваг з боку праваахоўных органаў, — сказаў ён 11 чэрвеня. — Мы праходзілі ўсе праверкі, у тым ліку Нацбанка. Апошняя — у студзені. Ні разу пытанняў не было. Дзеянні сённяшняга дня носяць замоўны характар», — сказаў ён.

Ён заклікаў праваахоўныя органы трымацца законнасці.

«Я чакаў ціску на мяне, і была інфармацыя, што ўдар будзе па мне. Але тое, што адбылося, паказвае, што супраць мяне нічога няма. Я гатовы да гэтага», — кажа Бабарыка.

«Увесь цынізм такіх дзеянняў у тым, што яны накіраваныя не на мяне, а накіраваныя на маіх сяброў і людзей, з якімі я працаваў, — адзначыў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ў сваім звароце. — Чаму гэта зроблена? Бо прамога кампрамату на мяне няма і ў іх ёсць вялікая надзея, што людзей запалохаюць, прымусяць казаць няпраўду і агаворваць другіх людзей.

Я магу з дакладнасцю заявіць, што адзінымі правільнымі паводзінамі і адказам у гэтай сітуацыі, адказам на гэтае бязмежжа з'яўляецца працяг нашай барацьбы.

Я хачу звярнуцца да ўсіх тых, хто ўжо падвергся допытам, пераследам і выклікам ва ўпаўнаважаныя органы.

Не бойцеся казаць праўду. Не кажыце хлусню, не агаворвайце сябе і іншых людзей. Калі трэба, я спадзяюся, што сумленныя людзі заўсёды акажуць вам дапамогу — як юрыдычную, так і матэрыяльную», — заявіў Бабарыка.

Атакі на Бабарыку абвастрылі танальнасць яго выступаў.

«Самая вялікая памылка ў гэтых дзеяннях улады ў тым, што той Беларусі, якая была раней і якой яны патуралі, як сваім статкам, больш не існуе. Беларусь прачнулася. І я хачу сказаць, што новая Беларусь змяце рэшткі гэтага старога рэжыму», — сказаў ён у відэазвароце. 

Чытайце таксама: Бабарыка запісаў відэазвароты на выпадак свайго затрымання

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0