Сьвятлану Купрэеву падазраюць ва ўчыненьні злачынства адпаведна частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу: «ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры», паведамляе «Радыё Свабода».

Пра гэта сказана ў пастанове аб арышце маёмасьці і перадачы на адказнае захаваньне ад 12 чэрвеня, паведаміла карэспандэнту «Свабоды» маці Сьвятланы.

У дакумэнце гаворыцца, што ў вытворчасьці Дэпартамэнта фінансавых расьсьледаваньняў КДК знаходзіцца крымінальная справа па падазрэньні Сьвятланы Купрэевай і іншых асобаў ва ўчыненьні злачынства па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу, спалучанага з нанясеньнем шкоды на агульную суму ня менш за 8 мільёнаў 950 тысяч рублёў, які дагэтуль не кампэнсаваны.

«У Сьвятланы ніколі такіх грошай не было, і падаткі яна спраўна плаціла. Яна да гэтага яўна ня мае дачыненьня, бо ня ў стане такое рабіць», — кажа маці Сьвятланы Тацяна Мікалаеўна.

Арышт маёмасьці быў санкцыянаваны 15 чэрвеня, і ў гэты ж дзень праваахоўнікі прыйшлі на кватэру маці Сьвятланы пад выглядам работнікаў ЖЭСа.

Маці і муж расказваюць пра арышт жанчыны, якая збірала подпісы за Віктара Бабарыку

«Я ім адразу сказала, што гэта мая кватэра і ўсе рэчы мае, яе толькі сукенкі і абутак, — кажа Тацяна Мікалаеўна. — Таму арыштавалі лецішча, якое я апісала на дачку. Гэта шпакоўня, а не лецішча, 30 гадоў яму, перабудаванае з матулінай трухлявай драўлянай хаткі. Гэты дамок мне браты збудавалі 30 гадоў таму. І два ўчасткі па 4 соткі. У мяне яны спыталі, у якую суму я ацаню лецішча, я кажу, што я не спэцыяліст, магчыма тысяч пяць рублёў, бо ўсё гэта трухлявае».

Чакаецца, што сёньня ў СІЗА КДБ будзе праведзены допыт Сьвятланы Купрэевай, на якім будзе прысутнічаць адвакат.

Маскоўскі суд Менску ўвечары 16 чэрвеня адхіліў скаргі на затрыманьне Сьвятланы Купрэевай, сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і каардынатара па адным з раёнаў Менску.

У штабе Бабарыкі перасьлед Купрэевай зьвязваюць з тым, што яна ўваходзіць у склад ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, і патрабуюць спыніць беспадстаўны перасьлед сваіх прыхільнікаў.

Адвакат сказаў карэспандэнту «Свабоды», што пастанову Маскоўскага суду ўжо абскардзілі ў Менскі гарадзкі суд.

Дагэтуль наведаць Сьвятлану Купрэеву ў ізалятары КДБ адвакату не дазволілі з прычыны каранавірусу.

Сьвятлана Купрэева — дачка беларускага паэта і пісьменьніка Міколы Купрэева. Была блізкай сяброўкай жонкі Віктара Бабарыкі Марыны, якая загінула ў 2017 годзе, хросная маці ягонай дачкі.

Паводле штабу Віктара Бабарыкі, дачыненьне Купрэевай да нейкіх супрацьзаконных дзеяньняў выклікае вялікія сумневы, бо яна не працавала ні ў Белгазпрамбанку, ні ў хоць якой зь фірмаў, дзе праходзілі ператрусы. Сьвятлана толькі сяброўка сям’і Віктара Бабарыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?