Загадчыца дзіцячага сада № 96 у Гродне Святлана Янчанюк, якая раніцай 17 чэрвеня прыходзіла з праверкай да Віталіі Навумік, звярнулася ў міліцыю. Ёй тэлефанавалі з абразамі і пагрозамі, піша hrodna.life

Пра гэта Віталія даведалася ад участковага падчас візіту ў дзіцячы сад у той жа дзень.

Што адбылося?

Супрацоўнікі садка прыходзілі да сям'і Навумік у сувязі з тым, што муж Віталіі Уладзімір Навумік быў затрыманы на Савецкай плошчы 29 траўня і знаходзіцца ў мінскім СІЗА № 1. Віталія распавяла Hrodna.life, што ў размове выхавальнікі намякнулі, што могуць забраць дзіця.

Што распавялі ў садзе

Дзіцячы сад не аказваў ціску на сям’ю затрыманага Уладзіміра Навуміка, заявіла Hrodna.life загадчыца Святлана Янчанюк. Паводле версіі выхавальнікаў, яны проста прыйшлі пагаварыць і праверыць умовы пражывання дзіцяці.

«Мы атрымалі паперу і на падставе яе прыйшлі азнаёміцца. Мы цяпер праводзім сацыяльнае расследаванне, якое доўжыцца 15 дзён. Ніякага ціску на маму не ажыццяўляецца. Усё праходзіць у рамках закона і нічога не парушаецца», — патлумачыла Святлана Янчанюк.

«Прыехалі паглядзець умовы пражывання і ўтрымання дзіцяці ў рамках дэкрэта прэзідэнта № 18 ад 24 лістапада 2006 г. («Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у праблемных сем’ях» — рэд.). Усё робіцца паводле дакументаў. Дзіця ў іх актыўнае, дзяўчынка вясёлая ў садзе, заўсёды ахайная. Ніякіх фактараў, што спрыяюць канфіскацыі дзіцяці ў іх у сям'і няма», — распавяла загадчыца.

Шкадуе, што не запісала размову на дыктафон

«Пасля выхаду матэрыялу, дзе я распавяла, што да мяне прыходзілі з праверкай, у садок сталі тэлефанаваць невядомыя з абразамі і пагрозамі. Я супраць такога — так рабіць нельга. У садку выклікалі міліцыю і мяне запрасіў участковы даць паказанні», — распавяла Віталія Навумік.

Віталія шкадуе, што не запісвала размову з загадчыцай на дыктафон. Цяпер яе інтэрв'ю могуць расцаніць як паклёп: загадчыца кажа, што не пыталася пра яе мужа на плошчы і не намякала, што забяруць дзяцей.

«Я хачу каб гэта ўсё хутчэй скончылася і мой муж вярнуўся дадому. Мы звычайная беларуская сям’я. Нам не патрэбныя праблемы», — сказала Віталія.

17 чэрвеня з журналістам Hrodna.Life звязалася дзяўчына, якая прадставілася знаёмай аднаго з выхавальнікаў дзіцячага сада № 96. Яна сказала, што «педагогі не звяры» і сям’я Навумік не такая ўжо правільная, як распавядае Віталія — «жыве па падвойных стандартах». Што гэта значыць, дзяўчына не патлумачыла. Рэдакцыя прапанавала ёй разгорнута распавесці пра сітуацыю. Адказу пакуль не было.

«Намякнулі, што могуць забраць дзіця». Гарадзенка, мужа якой затрымалі з Ціханоўскім, паведаміла пра ціск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?