Бабарыка затрыманы з-за спробы ўздзеяння на сведак і ўтойвання доказаў злачынства, паведамляе Дзяржкантроль.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

У выпуску навін на БТ паведамілі, што Бабарыка нібыта быў арганізатарам злачыннай схемы, затрымана 20 чалавек, яны даюць паказанні.

— Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што з'яўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасці, спрабаваў уздзейнічаць на сведкаў, утаіць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў, — сказаў кіраўнік КДК Іван Церцель у эфіры БТ.

Церцель заявіў, што больш за $430 млн незаконна выведзеныя з рахунку Белгазпрамбанка ў банк у Латвіі за некалькі гадоў.

— Мы ўстанавілі «адмывачныя» схемы, па якіх ажыццяўляўся вывад у замежныя банкі вялікіх сум валюты на падкантрольныя структуры, — заявіў Церцель.

— Паводле даных, якія мы атрымалі ад нашых латвійскіх калег, за некалькі гадоў у інтарэсах гэтага банка [ABLV] на яго рахункі з рахункаў Белгазпрамбанка было выведзена больш за 430 млн даляраў ЗША, — распавёў старшыня КДК.

Ён дадаў, што задакументаваныя шматлікія факты атрымання хабару службовымі асобамі банка за даванне крэдытаў прадпрымальнікам і асобам «з дрэннай крэдытнай гісторыяй».

Паведамляецца, што беларускія праваахоўнікі цяпер супрацоўнічаюць з калегамі з 18 краін, накіраваныя адпаведныя запыты, у тым ліку і ў ЗША.

У апошні тыдзень Аляксандр Лукашэнка абрынуўся на Бабарыку з пагрозамі і абвінавачваннямі, не называючы яго, але ясна ўказваючы, пра каго гаворка. Гэта адбылося пасля таго, як стала ясна, што менавіта Бабарыка набірае рэкордную колькасць подпісаў выбарцаў.

Адначасова з нападкамі Аляксандра Лукашэнкі ад 11 чэрвеня ў кампаніях, звязаных з сябрамі Бабарыкі, прайшлі ператрусы і затрыманні.

«Рубікон пяройдзены», — сказаў у сувязі з гэтым Віктар Бабарыка.

18 чэрвеня сувязь з Віктарам Бабарыкам і ягоным сынам Эдуардам, які ўзначальвае яго ініцыятыўную групу, знікла. Як мяркуецца, яны знаходзяцца ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Вядома, што ў доме Бабарыкі ў Лагойскім раёне праводзіцца ператрус.

Чытайце таксама: 425 001. Сумная гісторыя пра тое, што значыць гэта адзінка

Пераслед калег Віктара Бабарыкі пачаўся, калі стала вядома, што яго ініцыятыўная група сабрала рэкордную для альтэрнатыўнага кандыдата колькасць подпісаў — 425 001 па стане на сёння.

Раней максімум — 217 тысяч — сабраў у 1994-м, яшчэ на свабодных выбарах, Зянон Пазняк. У Аляксандра Мілінкевіча ў 2006-м было 198 тысяч. У Сямёна Домаша ў 2001-м — 164 тысячы.

Чытайце: Колькі подпісаў збіралі дэмакратычныя кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах? ТАБЛІЦА

Таксама і шэраг апытанняў паказаў, што менавіта Віктар Бабарыка мог бы стаць фаварытам сумленных выбараў. 

Бабарыка спрабуе выбудаваць шырокую антылукашэнкаўскую кааліцыю з удзелам самых розных сілаў. Яго кандыдатуру падтрымала таксама нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

Чытайце таксама: Бабарыка запісаў відэазвароты на выпадак свайго затрымання

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0