Сёння «пікеты салідарнасці» праходзяць не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах Беларусі: Баранавічах, Лідзе, Оршы, Віцебску, Гомелі, Бабруйску, Стоўбцах, Жодзіне, Салігорску… Акцыі ў рэгіёнах атрымаліся не менш эмацыйнымі, чым у сталіцы.

Бабруйск

У Бабруйску ўздоўж вуліцы Мінскай людзі выстраіліся ў ланцуг метраў на 500.

У Бабруйску таксама пачаліся затрыманні. У аўтазаку знаходзяцца журналісты Сяржук і Алеся Лацінскія.

«Пікет у Бабруйску сёння расцягнуўся на 600 метраў, людзі пачалі падыходзіць пераважна пасля 6 гадзіны вечара. Больш за 1000 чалавек прынялі ўдзел у акцыі», — паведамляецца ў тэлеграм-канале «Бабруйс Online». 

Не менш за шэсць чалавек дастаўлена ў мясцовы РАУС. 

Віцебск

У Віцебску каля «Марк-Сіці» збіраюцца людзі і становяцца ў жывы ланцуг. 

У Віцебску колькасць людзей павялічваецца. Назіральніца кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ірына Траццякова адзначае, што не менш за 500 чалавек знаходзяцца на пікеце. 

Каля 20 гадзіны вечара ў цэнтр Віцебска падагналі пяць аўтобусаў, заблакавалі тратуар. Дарогу перакрылі, людзі сталі разыходзіцца. 

Затрыманыя Алена і Юлія Янушкоўскія, іх павезлі ў РАУС Чыгуначнага раёна.

Да плошчы Перамогі прыехаў аўтазак, забралі некалькі чалавек, якія стаялі ў самым канцы плошчы.

Гомель

Відаводчы паведамляюць, што ў цэнтры горада паставілі пікеты прыхільнікі дзеючага прэзідэнта. Сюды ж прывезлі людзей на аўтобусах, каб яны пастаялі і пакінулі подпісы за Лукашэнка. 

У Гомелі затрымалі жанчыну. Верагодна гэта Алена Давыдава. «Кандыдатку пратэсту» Алену Давыдаву адпусцілі праз некалькі хвілін пасля затрымання. 

Каля 500 чалавек выйшлі на пікет, АМАП спрабуе іх разагнаць.

Тых, хто не разышоўся, пакуюць у аўтобус.

Амапаўцы кудысьці павалаклі чалавека ў непрытомным стане. 

У затрыманага ў аўтазаку — прыступ эпілепсіі. Хуткую не выклікаюць, просяць супакоіцца чалавека з канвульсіямі на падлозе.

Брэст

Каля 100 чалавек стаяць на вуліцы Савецкай ад кінатэатра «Беларусь» да помніка 1000-годдзя на Гогаля.

Брэст у 20:50: людзі стаяць пад дажджом на праспекце Машэрава ад вуліцы Халтурына да вуліцы 17 верасня.

АМАП выйшаў і ў Брэсце: людзей выцясняюць з тратуараў, берасцейцы крычаць «Ганьба!».

Светлагорск

Каля 20 чалавек вышлі ў «жывы ланцуг» у Светлагорску. Машыны, што праязджаюць міма — сігналяць у знак падтрымкі. 

Гродна

У Гродне сабраліся каля 350 чалавек. Людзі апладзіруюць, машыны, якія праязджаюць міма, сігналяць.

У Гродне людзі стаяць ад Савецкай плошчы, праз Нёман да філармоніі.

АМАП і супрацоўнікі міліцыі кажуць прысутным разысціся. 

Каля 21 гадзіны вечара пачаліся затрыманні. Вядома пра аднаго затрыманага. 

У Гродне на вуліцы Гарнавых ДАІ выпісвае пратаколы кіроўцам машын, якія сігналілі. Людзі ходзяць за АМАПам, перайшлі са старога моста на Савецкую плошчу.

У пікавыя моманты ў ланцугу салідарнасці, па падліках тэлеграм-канала «Выбары бачыш?», было каля 500-600 чалавек. Цярер на плошчы засталося каля 100.

Магілёў

Каля 120 чалавек вышлі ў цэнтр Магілёва. 

Каля 20 гадзіны вечара пачаліся затрыманні: у міліцэйскі бус адвялі Аляксандра Спірыдонава. 

Міліцыя кажа прысутным разысціся, але людзі не надта падпарадкоўваюцца. 

Журналіста Аляксандра Сабалеўскага затрымалі ў жывым эфіры для Магілёўскага YouTube-канала 6TV. Таксама затрыманая карэспандэнт TUT.BY Анжаліка Васільеўская. Іх даставілі ў РАУС Ленінскага раёна Магілёва. 

У 21:30 з РАУС адпусцілі Анжаліку Васілеўскую.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?