Адзін з вядучых гульні «Поспех у прыдачу з «Еўраопт» на тэлеканале АНТ Артэміс Ахпаш звярнуўся ў сацсетках да калег: журналістаў, вядучых і дыктараў тэлебачання.

«Кожны раз, калі з экранаў ТБ/радыё вы прамаўляеце адкрытую хлусню пра падзеі, якія адбываюцца, што вы адчуваеце, прыходзячы дадому? Няўжо ў сваёй «службовай кватэрцы» вы настолькі забываеце пра ўсё? Вас усё задавальняе?

Для мяне вы нічым не лепшыя, а то і горшыя за тых прадстаўнікоў «праваахоўных органаў», якія ні за што «пакуюць» людзей у аўтазакі. А людзі, якіх затрымліваюць, не экстрэмісты, не тэрарысты, не ўзброеныя бандыты — гэта такія ж беларусы, якія проста выйшлі на вуліцу, каб адной сваёй прысутнасцю паказаць сваё стаўленне да цяперашніх падзей. Іншага спосабу выказаць свае пачуцці і меркаванне ў нас не засталося. Няўжо вы згодныя і дыхаць па ўказцы?» — напісаў ён.

Ён адзначыў, што за ўсе 10 гадоў працы на ТБ рады, што ніколі не з'яўляўся інструментам прапаганды.

«У цвярозым розуме я ўсведамляю, што пасля гэтага звароту доступ на ТБ мне будзе закрыты. З «такім» тэлебачаннем мне не па дарозе», — напісаў вядучы.

Арцеміс Ахпаш патлумачыў карэспандэнту «Нашай Нівы», што супрацоўнічае з АНТ як індывідуальны прадпрымальнік. Супраца, натуральна, будзе спынена.

«Я проста не хачу далей мець справы нейкія адносіны з нашым беларускім тэлебачаннем такім, якім яно ёсць у гэты момант. Калі яно памяняецца, то, можа, і вярнуся ў прафесію», — рэзюмаваў ён.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?