«Адчувала сябе на нейкім арт-хаусным спектаклі»

Вольга Бераснева жыве ў вёсцы Валожынскага раёна. Яна спрабавала патрапіць у камісію Ракаўскага выбарчага ўчастка №19. Паўдзельнічаць у гэтай авантуры вырашыла спантанна. За суткі сабрала неабходныя 10 подпісаў ад аднавяскоўцаў — на паведамленне ў мясцовым чаце людзі самі адгукнуліся.

Фота з Facebook

Фота з Facebook

Калі Вольга павезла дакументы ў Валожын, яе заява была 346-й.

«346 заяў на 26 участкаў. Уявіце! Па 30 заяў на дзень нясуць, — незадаволена кінула жанчына з райвыканкама. — Зарэгіструю, а выканкам няхай вырашае», — згадвае Вольга.

Чыноўнікі ў выніку ёй адмовілі. 9 з 10 чалавек у камісіі прагаласавалі супраць.

«Прадказальна, але асадачак застаўся. Неяк цяжка, тужліва, прыкра ўнутры, — дзеліцца яна. — Калі коратка: ім не патрэбны сумленныя людзі ў камісіі. Канкрэтна па маёй заяве зрабілі заўвагу, што я прапісана не па адрасе пражывання (а гэта не абавязковая ўмова). Я пражываю акурат у Валожынскім раёне, і палова выканкама гэта ведае: колькі мы з імі наконт электрычнасці нашай перапісваліся і сустракаліся».

З 19 прэтэндэнтаў зацвердзілі 15. Што дзіўна — пра людзей, якія патрапілі ў выніку ў камісію, выказваліся пасля іх абрання, а не перад. Гэта былі прадстаўнікі «Белай Русі», Беларускага саюза жанчын.

«Выступалі кандова: характарызуем як добрасумленнага работніка, сацыяльна актыўнага, адказнага чалавека, які карыстаецца аўтарытэтам у калектыве… Я адчувала сябе на нейкім арт-хаусным спектаклі, глядзела на людзей і не разумела, што адбываецца.

Або яны дрэнна гралі, або проста я не зразумела задуму. Больш не хачу ўдзельнічаць у падобным. Вельмі выматвае», — эмацыйна падзялілася Вольга.

«Члены камісіі стараліся не падымаць вачэй»

Арганізатарка мерапрыемстваў Юлія Калеснікава падавала дакументы ў Бараўлянскі ўчастак №1.

Фота з Facebook

Фота з Facebook

«Я сачыла за ходам падачы дакументаў на платформе «Сумленныя выбары». Сэнс быў у тым, каб падацца як мага шырэй па Беларусі. На маім участку — у Копішчы — ужо былі заяўкі ад пяці чалавек. Таму я паглядзела, куды яшчэ не падаваліся добраахвотнікі, і выбрала гэты раён», — кажа дзяўчына.

Подпісы яна сабрала ўсяго за 40 хвілін — практычна ўсе, каго яна сустрэла на ўчастку, пагадзіліся патрымаць яе вылучэнне.

За пасяджэннем у Мінскім райвыканкаме яна сачыла анлайн. Разгляд заявак праходзіў хутка.

«Абсалютна ніякой характарыстыкі людзям не давалі. Проста моўчкі падымалі руку «за» ці «супраць». Ніякіх каментароў», — апісвае Юлія. Яе падтрымаў толькі адзін член камісіі.

І зноў сярод кандыдатур — выхадцы з «Белай Русі», Беларускага саюза жанчын і БРСМ.

Быў шанец дабрацца ў адной дзяўчыны-самавылучэнкі (яна атрымала пароўну галасоў «за» і «супраць»), але, як толькі высветлілася, што ахвотных перабор, яе адразу выкінулі.

«Пасяджэнне і праца камісіі выклікаюць злосць і расчараванне, пачынаючы ад ўзроўню арганізацыі (інтэрнэт-злучэнне глючыць і завісае) і заканчваючы членамі камісіі.

Адчуванне поўнай закрытасці, што ўсё вырашана загадзя. Людзі стараліся не падымаць вачэй — сядзелі і ціха падымалі рукі, быццам выконваючы дзяржзамову»,

— ахарактарызала дзяўчына тое пасяджэнне.

Юлія не здаецца: збіраецца пайсці назіральнікам у глыбінку.

«Мне плюнулі ў душу — пасля ўсяго так кінуць!»

Адразу пяць альтэрнатыўных кандыдатаў падаваліся на ўчастак у аграгарадку Слабада Смалявіцкага раёна. Нікога з іх не ўзялі. Адзін з тых самавылучэнцаў — журналіст на пенсіі Леанід Кліманскі. За сваю кар’еру ён паспеў папрацаваць у «Сельскай газеце», «СБ», БелТА (намеснікам галоўрэда фотахронікі), камерцыйным дырэктарам на СТБ. Папярэджвае: за Лукашэнку ніколі не галасаваў.

Фота з Facebook

Фота з Facebook

«Паслужны спіс заслугоўвае ўвагі. Я быў упэўнены, што пасля працы ў такіх структурах у мяне шанцы павышаюцца. Быў спакойны», — заўважае Леанід.

Па яго кандыдатуры прагаласавалі такім чынам: два «за», два «супраць» і шэсць «устрымаліся».

Леанід расказвае: альтэрнатыўныя кандыдаты ў камісію былі як на падбор. Адзін кіруе будаўнічай фірмай, іншы працуе ў ПВТ… Нікога не зацвердзілі (прычыны адмовы, канешне, не агучвалі). Лічыць галасы на выбарах будуць кіроўца калгаса, жывёлавод, прыбіральшчыца, настаўніцы, якія былі ў складзе камісіі на папярэдніх выбарах.

Чаму? Бо «ідэйныя, надзейныя, карыстаюцца павагай сярод сваіх супрацоўнікаў і жыхароў пасёлка, знаёмыя з выбарчым кодэксам».

Леанід пасля пасяджэння раз’юшаны.

«Мне плюнулі ў душу! Ніколі не думаў, што пасля працы ў такіх арганізацыях мяне могуць так кінуць!

Мы ўпяцёх хочам падаць заяву ў суд. Я сам сябе хачу апраўдаць, што я зрабіў усё магчымае. Суд, вядома, не выйграем, але хоць камісію пацягаем».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?