Чарговыя затрыманні ў Мінску — гэтым разам каля крамы Symbal.by, куды людзі прыйшлі купіць патрыятычную прадукцыю праз хуткае закрыццё крамы. 

На вуліцы ўтварылася чарга, але неўзабаве прыехалі тры машыны міліцыі, у тым ліку аўтазак з АМАПам, куды без разбору пачалі кідаць людзей.

«Наша Ніва» звярнулася ў МУС з пытаннем, за што затрымліваюць людзей у чарзе. 

«Людзі дастаўлены ў міліцыю для разбору ў мэтах спынення супрацьпраўнай дзейнасці, якая выказалася [вы бачылі, пэўна, па відэа] — яны заблакавалі машыну, зламалі люстэрка… Машына цывільная спрабавала выехаць», — сказала афіцыйны прадстаўнік мінскай міліцыі Наталля Ганусевіч. 

Ганусевіч не адказала на пытанне «Нашай Нівы», як АМАП так хутка зразумеў, каго менавіта трэба затрымліваць за нібыта зламанае шкло — дзеянні АМАПа выглядалі абсалютна адвольнымі, яны хапалі ўсіх запар.

Відавочцы кажуць, што затрыманых дзясятак чалавек. 

Разбор жа па такіх дробных скаргах у іншых абставінах ніколі не суправаджаецца масавымі затрыманнямі з дапамогай спецыяльных падраздзяленняў. 

Мяркучы па фота і па прозвішчы, сярод затрыманых — Аляксандр Кузняцоў, студэнт-наватар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які разам са сваімі сябрамі за ўласныя грошы на 3D-прынтарах запусціў друк дэталяў сродкаў індывідуальнай абароны і апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх для медыкаў, якім неабходная была дапамога ў барацьбе з пандэміяй каранавіруса. Пра хлопца пісалі СМІ і сайт ягонага ўніверсітэта.

Вось фота: студэнта-трэцякурсніка механіка-матэматычнага факультэта вядуць двое ў чорным.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?