Ілюстрацыйны здымак. Фота Надзеі Бужан.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Надзеі Бужан.

Ад ініцыятывы «Сумленныя людзі» заяўкі ў выбарчыя камісіі падалі больш за 2000 чалавек. Адмовілі практычна ўсім. «Наша Ніва» пагутарылі з тымі, каму ўсё ж удалося прабіцца. Адзін з самавылучэнцаў прызнаўся, што для гэтага давялося пайсці на хітрыкі.

«Планую паводзіць сябе так, каб пры мне не было жаданні фальсіфікаваць»

Ганна Кажамяка працуе бухгалтаркай. Яна будзе лічыць галасы на ўчастку №5 Наваполацка.

«Даведалася пра магчымасць трапіць у камісію 19 чэрвеня. 20-га ранкам выйшла ў двор свайго дома і прасіла ў мінакоў дазволу быць прадстаўніком ад іх у выбарчай камісіі. Яны ўсміхаліся і ставілі подпісы. З 15 чалавек 12 пагадзіліся. Пасля абеду мая заява была ўжо ў выканкаме», — дзеліцца дзяўчына.

Раней яна была далёкая ад палітыкі, але цяпер зразумела, што хоча ўплываць на сітуацыю ў краіне.

«Апошнім часам прыйшло дакладнае ўсведамленне таго, што ўсе працэсы ў грамадстве, эканоміцы ўзаемазвязаны. І мне як чалавеку з дапытлівым розумам хацелася зразумець: чаму ў краме такія цэны, чаму ў мяне і іншых такія даходы, чаму ў краінах жывуць па-рознаму. І ўсе адказы рана ці позна прыводзілі да палітыкі. Мне захацелася даведацца пра працэс выбару прэзідэнта маёй краіны асабіста.

Плюс падштурхнулі шматлікія гісторыі пра тое, што выбары ў нашай краіне фальсіфікуюцца. Хочацца асабіста пераканацца ў сумленнасці і празрыстасці падліку галасоў», — тлумачыць Ганна сваё рашэнне.

На паседжанне ў выканкаме, дзе разглядаліся заяўкі, з кандыдытаў прыйшла яна адна. Чыноўнікі галасавалі, як правіла, аднагалосна — або ўсе «за», або ўсе «супраць». Кандыдатуру Ганны падтрымалі пяць з васьмі чалавек.

Чаму? Дзяўчына жартуе: магчыма, казала тое, што камісія хацела пачуць, і адмовіць было б нелагічна. Чыноўнікі цікавіліся сур’ёзнасцю яе намераў, ці гатова яна траціць на гэта час.

«Я намякнула, што веру ў сумленнасць выбараў і хачу астатнім гэта даказаць. А магчыма, падумалі: хоча дзяўчынка ў камісію, няхай удзельнічае, наўрад ці зможа нашкодзіць, калі што. Тым больш я выглядала надзвычай бяскрыўдна», — усміхаецца Ганна.

Яна працуе на чвэрць стаўкі, зарэгістраваная як ІП, таму не бачыць праблемы, каб сумяшчаць працу з удзелам у камісіі.

Фальсіфікацыі Ганна будзе старацца фіксаваць любымі спосабамі.

«У далейшым звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі і паведамляць грамадству. Усё павінна быць сумленна! Я наогул планую паводзіць сябе так, каб пры мне не было жадання фальсіфікаваць. Гэта я, канечне, геройствую, але мае вочы і вушы і будуць на максімальнай канцэнтрацыі».

«Давялося схлусіць, што я за дзеючага прэзідэнта»

Аляксандр патрапіў у камісію абыходным шляхам. Таму гісторыяй падзяліўся ананімна.

«Я пагутарыў з людзьмі — сказалі: нерэальна адабрацца, можаш нават не спрабаваць. Таму мне дапамаглі ўладкавацца ў камісію. Ёсць чалавек, які мне вінен, і ён за мяне паручыўся. Мне давялося схлусіць, што я за дзеючага прэзідэнта».

Раней у выбарах Аляксандр не ўдзельнічаў. Калі першы раз абіралі Лукашэнку, ён яшчэ не мог галасаваць, а пасля ігнараваў гэты працэс — маўляў, усё адно няма сэнсу.

«Я разумеў, што чалавек паводзіць сябе раўніва да ўлады і мала што тут можна памяняць. І другі фактар — у альтэрнатыўных кандыдатаў раней не было веры. Я колькі глядзеў, мне мала хто імпанаваў. На гэтых выбарах адзначыў Бабарыку і Цапкалу, але больш схіліўся да Бабарыкі. І ў працэсе збору подпісаў за кандыдатаў яшчэ больш пераканаўся ў ім — разважлівы кіраўнік і фінансіст.

Падштурхнула тое, што штосьці трэба змяняць. Я, канечне, нават цяпер сумняюся, што мы паўплываем, але калі не паспрабуем, то дакладна нічога не зменіцца».

Удзел у камісіі для Аляксандра — эксперымент. Ён цяпер абдумвае, як лепш фіксаваць фальсіфікацыі, калі іх заўважыць — трымаць напагатове дыктафон, камеру, заручыцца падтрымкай назіральнікаў. Кажа, яго сваячка раней сядзела ў выбарчай камісіі, дык хоча распытаць яе пра арганізацыю працэсу. Аляксандр чуў пра такую схему фальсіфікацый: пасля таго, як пратакол падпісаны, ён проста падмяняецца на іншы, дзе стаяць патрэбныя лічбы. І ўжо гэты дакумент перадаюць з участковай выбарчай камісіі ў вышэйшыя інстанцыі.

У выканкаме мужчыну нават паспелі крыху ўвесці ў курс справы.

«Размова вялася пра тое, якія дзеянні трэба прыняць, каб назіральнікаў ад апазіцыі хутчэй выдаліць, каб яны не перашкодзілі нейкім працэсам. Выдаліць з любой прычыны — зрабіць некалькі разоў заўвагу, напрыклад. Мне ўжо нават прозвішчы тых назіральнікаў назвалі».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?