Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Павел Севярынец быў затрыманы пасля пікета на Камароўцы 7 чэрвеня і асуджаны на 15 сутак. Потым стала вядома, што яму дадалі яшчэ 15 сутак, і на свабоду ён не выйшаў. Таксама за Паўлам «вісяць» не адбытыя некалькі дзясяткаў сутак за снежаньскія акцыі пратэсту.

Сёння яго жонка Вольга апублікавала ў сваім фэйсбуку зварот.

«Я, жонка Паўла Севярынца, якога ўжо 18 сутак ні за што трымаюць у нечалавечых умовах у карцары на Акрэсціна, звяртаюся да супрацоўнікаў міліцыі, судоў, ізалятараў і міністэрстваў.

Я ўсё яшчэ веру, што сярод вас таксама ёсць сумленныя людзі.

Я бачу, як вы апускаеце вочы на незаконных судах, як у вас дрыжаць рукі, калі прыходзіш да вас са скаргай, я бачу на вашых руках заручальныя пярсцёнкі, значыць, дома вас таксама чакае сям’я, і я ўпэўнена, што для сваіх жонак і дзяцей вы б хацелі быць прыкладам.

Я хачу сказаць: дзе б вы ні працавалі, спосаб застацца чалавекам ёсць заўсёды. Можна занесці асуджанаму ў карцар бутэльку вады, не выганяць родных з залі суда, не адпраўляць сфабрыкаваную справу на дапрацоўку, адвярнуцца, прамаўчаць, захварэць, звольніцца.

Вы — частка страшнай сістэмы і, у тым ліку дзякуючы вам, яна спраўна працуе.

Улада робіць беззаконнасць: саджае невінаватых на суткі, катуе іх па карцарах, раздае несправядлівыя прысуды, хапае людзей на вуліцы, ні за што выпісвае штрафы. І гэтая беззаконнасць робіцца вашымі рукамі. Скажыце, вам гэта трэба? Гэта трэба вашым сем’ям? Гэта трэба вашым дзецям?

Нягодны ўчынак нельга апраўдаць загадам.

Ілжэсведчанне, хлусня, збіццё і катаванне беззабаронных — учынкі, нявартыя ні сапраўдных мужчын, ні жанчын.

Вы цудоўна ведаеце, што людзі, якія зараз выходзяць на вуліцы, ні жулікі і ні бандыты, мы адукаваныя сумленныя людзі, у якіх забралі права выбіраць.

І мы не хочам больш баяцца, што за наша меркаванне ў нас забяруць дзяцей, мы не хочам чакаць месяцамі сваіх мужоў з сутак, мы не хочам адусюль цярпець недагаворкі і здзекі. Мы хочам траціць свае сілы на іншае.

Не бойцеся! У вас яшчэ ёсць шанец застацца людзьмі. Проста станьце з намі ў адзін шэраг, будзьце ўпэўненыя — людзі вас не пакінуць.

І не думайце, што ад вас нічога не залежыць, зараз час, калі ад кожнага беларуса залежыць усё».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?