Сталі вядомыя ўсе пары першага раўнду Кубку Стэнлі.

«Манрэаль Канадыенс», за які выступаюць беларусы Андрэй і Сяргей Касціцыны, у суботу ўвечары прайграў «Пітсбургу» з лікам 1:3 і заняў на Ўсходзе апошняе плей-офнае 8-е месца, набраўшы 93 балы.

Таму ў 1/8 фіналу згуляе з найлепшай камандай канферэнцыі – «Бостанам Бруінз»
(116 балаў).

Летась «канадыенс» і «мядзведзі» таксама гулялі ў 1/8 фіналу, але «Манрэаль» год таму быў першым на Ўсходзе, а «Бостан» - восьмым. Квебэкцы з цяжккасцю прайшлі ў наступны раўнд, а ў чвэрцьфінале абламалі зубы аб «Філадэльфію».

Іншыя пары Ўсходу:

«Вашынгтон Кэпіталз» (2-е месца) – «Нью-Ёрк Рэйнджэрз» (7), «Нью-Джэрзі Дэвілз» (3) – «Караліна Кэпіталз» (6), «Філадэльфія Флаерз» (4) – «Пітсбург Пінгвінз» (5).

«Захад»: «Анахайм Дакс» (8) - «Сан-Хасэ Шаркс» (1), «Каламбус Блу Джэкетс» (7) - «Дэтройт Рэд Уінгз» (2), «Сэнт-Луіс Блюз» (6) - «Ванкувер Кэнакс» (3), «Калгары Флэймз» (5) - «Чыкага Бэк Хоўкс» (4).

Кубак Стэнлі стартуе ўжо ў сераду, «Манрэаль» першы матч правядзе ў чацвер. Матчы доўжацца за чатырох перамог.

***

Пераможцам рэгулярняга чэмпіянату (уладальнік прэзідэнцкага кубку) стаў «Сан-Хасэ Шаркс» (набраў 117 балаў),

найлепшым бамбардзірам расіянін Яўгеній Малкін з «Пітсбурга». Ён набраў 113 балаў (35 галоў, 78 асістэнцкіх пасаў). У Аляксандра Авечкіна з «Вашынгтона» -- 110 балаў (56+54). Але Авечкін стаў найлепшым снайперам – ён закінуў 56 шайбаў.

Найлепшым з беларусаў стаў форвард «Таронта» Міхаіл Грабоўскі.
На яго рахунку 48 балаў (20+28). «Таронта» фінішаваў на Ўсходзе 12-м з 15-ці каманд.

У Андрэя Касціцына 41 бал (23+18), у Сяргея Касціцына – 23 (8+15).

У абаронцы Руслана Салея («Каларада Эвеланш») 21 бал (4+17).

«Каларада» стаў сёлета найгоршай камандай Захаду, клуб набраў 69 балаў і 10 балаў саступае «Лос-Анджэласу». Калі браць агульную табліцу, то горай за «лавінаў» выступілі на Ўсходзе «Айлендерс» (61 бал) і «Тампа» (66 балаў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0