Мінская вобласць па захваральнасці на каранавірус следам за Віцебскам і Мінскам пайшла ўніз. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час размовы з працоўным калектывам «Беларуськалія», перадае БелТА.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

«Мінская вобласць у нас следам за Віцебскам і Мінскам пайшла ўніз па захваральнасці, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы менш глядзім на тэсціраванне людзей, таму што тэсты абсалютна не інфарматыўныя, а глядзім на пнеўманіі. Любы вірус, гэты таксама, дзейнічае на лёгкія, таму глядзім на пнеўманіі. Там адразу бачым, ёсць вірус або не, і лечым гэтых людзей».

Размаўляючы з работнікамі прадпрыемства, Лукашэнка адказаў на пытанні, якія хвалююць салігарчан. Адзін з работнікаў прадпрыемства нагадаў, што хутка будзе прадоўжана будаўніцтва наступнага ўчастка трасы Мінск—Мікашэвічы: са Слуцка да Салігорска. Ён папрасіў прадоўжыць новую дарогу на 14 км далей — да Старобіна. Кіраўнік дзяржавы адказаў, што работы будуць прадоўжаны. «Думаю, што да Мікашэвічаў дойдзем, таму што нам гэта дарога патрэбна», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што пасля будаўніцтва ўчастка Мінск—Мікашэвічы плануюць мадэрнізаваць дарогу з Гомеля да Брэста. Гэта дасць магчымасць перахапіць транзіт з Расіі ва Украіну і вывесці яго на Еўропу. Прычым да фінансавання работ павінны падключыцца і прыватнікі.

Пацікавіліся жыхары Салігорска і стаўленнем Лукашэнкі да лазні. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ходзіць у лазню практычна кожны дзень. «Учора была трэніроўка, пасля трэніроўкі з сынам пайшлі ў лазню. Сёння таксама трэба крыху папарыцца», — дадаў ён. Аднак пытанне аб лазні прагучала нездарма, высветлілася, што мясцовым жыхарам не хапае ў горадзе лазневага комплексу. Стары будынак лазні, паводле іх слоў, знаходзіцца ў дрэнным стане. «Нечаканае для мяне пытанне», — здзівіўся Лукашэнка і запэўніў, што ўлады прадумаюць, як вырашыць гэту праблему.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0