Фота з сайта advokaty.by

Фота з сайта advokaty.by

Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі публічна ў сваім фэйсбуку звярнуўся да людзей.

«Роўна два тыдні таму я жыў звычайным жыццём юрыста, якому ўсё няма калі — раніцай сыходзіш з дома, позна прыходзіш, увесь час праводзіш у дакументах, з кліентамі, у судах, на следстве, размаўляеш у асноўным на юрыдычныя тэмы — з улікам маёй спецыялізацыі гэтыя тэмы не надта вясёлыя, амаль не бачышся з сябрамі, яны цябе забываюць, і думаеш, што вакол усім усё роўна. І ў прынцыпе сумняваешся, што дзесьці могуць быць неабыякавыя і энергічныя, вясёлыя людзі.

18 чэрвеня 2020 года я адчуў і працягваю адчуваць культурны шок — вы ўсе выдатныя, вас так шмат, вы такія свае. І я ўпершыню пішу такое пасланне, бо я раптам зразумеў, што гэта значыць, калі за намі столькі выдатных людзей.

Арышт Віктара Дзмітрыевіча, зроблены насуперак праву, адкрыў новую старонку яднання беларусаў і ўсведамлення імі сябе як нацыі.

Вы мяне прабачце за патэтыку, але гэта сапраўды так. Гэта вельмі беларускі чалавек (а я такія рэчы адчуваю), і проста так склаліся абставіны, што ён з'явіўся ў той час, калі, мабыць, аформілася ў ім патрэба.

Яму цяпер нялёгка, але ён вытрымае і выстаіць. Не спыняйцеся і працягвайце пісаць яму лісты, не забываючы пра іншых людзей у СІЗА, якія таксама пацярпелі.

Выбачайце мяне, што не магу ўсім адказаць — я атрымліваю сотні паведамленняў і яны ўсе выдатныя і вартыя адказу, але гэта фізічна немагчыма, хоць я ўсё чытаю. Вашы пажаданні не толькі надаюць сіл, але і абавязваюць:)

Я прашу прабачэння ў журналістаў, на чые званкі і паведамленні я не паспяваю адказваць. Стараюся адказваць, але шмат момантаў, калі я без тэлефона або планшэта, або калі мне трэба тэрмінова рыхтаваць дакумент, або калі нарада з калегамі, або суды і следства. За гэтыя дні я прасякнуўся вялікай павагай да СМІ, бо без вас нас бы не пачалі пускаць кантактаваць з кліентамі ў СІЗА і наогул многія пытанні, напэўна, не вырашыліся б. Калісьці я чытаў даследаванні пра сацыяльны канфармізм, і там казалася, што зло хутчэй з'яўляецца ў стане невядомасці для грамадства, а вы робіце ўсё вядомым, таму змагаецеся са злом, і я вам, як абаронца, вельмі ўдзячны.

Два тыдні таму мой блог чытала пару дзясяткаў чалавек, ды і ў прынцыпе я яго не разглядаў як нейкі канал сувязі са светам. Але добра, што вы ўсе цяпер тут, таму я буду дзяліцца навінамі.

Дарэчы, пост аб сыходзе людзей з бюро — гэта пост не пра тых, хто сышоў, а пра тых, хто застаўся. Ніякага ціску ні на каго не было, ды і за што, і кожны мае права сам вызначаць свой шлях, таму гэтая тэма зачыненая. Але на гэта адгукнуліся сотні, калі не тысячы, беларусаў з рознымі прапановамі дапамогі, і я вам так удзячны, што нават не ведаю, як гэта выказаць. І яшчэ раз дзякуй маім рабятам, вы найлепшыя!

Я не быў раней медыйным чалавекам і не надта ўяўляў, як працуюць сацсеткі, але мне патлумачылі, што з'яўленне хейтараў — гэта быццам бы добры паказчык, так што быццам усё правільна:)

Шмат ёсць каму сказаць дзякуй, я загадзя прашу прабачэння ў тых, пра каго не сказаў. Дабро я не забываю.

Дзякуй Сяргею Зікрацкаму — за петыцыю пра парушэнне адвакацкіх правоў. Дзякуй Алегу Агееву — за вельмі добры ліст 22 чэрвеня 2020 года і моцныя словы аб прафесіі.

Дзякуй адвакатам, якія не пабаяліся ўзяцца за справы сям'і Бабарыкі і яго прыхільнікаў.

Дзякуй адвакатам, якія дапамагаюць усім грамадзянам, пацярпелым ад выказвання салідарнасці, і простым мінакам, схопленым на вуліцах. Дзякуй за вашу смеласць і непахіснасць.

Калі я сканчаў Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, я добра запомніў словы завуча — Лявона Баршчэўскага, які сказаў, што чыноўнікі мяняюцца, а са сваім сумленнем нам жыць усё жыццё.

Мэта маёй працы — свабода Віктара Бабарыкі і пацверджанне яго невінаватасці. Гэта можа быць не хутка і гэта дакладна не будзе проста.

Але мы з вам пройдзем гэты шлях да канца. Лічыце гэта абяцаннем».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?