president.gov.by

president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка распавёў, што даведаўся пра праблемы з вадой у Мінску яшчэ ў Маскве. І ўвесь час трымаў сітуацыю пад кантролем. Сюжэт быў паказаны ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», піша Tut.by.

— Прыляцеў, а да абеда [ў сераду] ўжо чую, што з вадой у Мінску нешта не так. Ну, думаю, дакладна, як дзяцей, нельга на хвіліну пакінуць, запалкі хаваць ад іх ужо трэба, каб не спалілі краіну. Ну, думаю, назіраю… Ужо прэс-сакратар перадала ў СМІ, што прэзідэнт трымае пад кантролем. Ведаю, што заварушыўся Турчын, Сівак там, — распавёў Лукашэнка, размаўляючы ў Салігорску з актывам Мінскай вобласці.

Па словах Лукашэнкі, надзвычайнае здарэнне адбылося з-за таго, што падчас рамонту застаялая вада патрапіла ў трубы, калі ўбачылі, што вада не вельмі добрая, сталі чысціць рэагентамі і перадазіравалі.

— Яна пачала смярдзець, гэтая вада, і ў кватэры трапіла. І на гэтым этапе мне далажылі. І я кажу: «Будзеце піць цяпер самі, усе чыноўнікі мінскія, будзеце гэтую ваду піць і варыць сабе ежу». Адказваюць: «Аляксандр Рыгоравіч, да раніцы ўсё расчысцім». Сапраўды, раніцай перад адлётам да вас набіраю Сівака: «Аляксандр Рыгоравіч, адзін дзіцячы сад, адна бальніца засталася. Замываем, зачышчаем». Санстанцыя, пытаюся, аналіз ўзяла? Узяла! Водаканал? У іх свая лабараторыя. Вось, узялі, далажылі раніцай, ліквідавалі.

Лукашэнка растлумачыў для чаго гэта распавёў:

— Дыктатура — гэта дрэнна. А калі за ноч вырашылі праблему найцяжэйшую: дыктатура — гэта добра. Пры чым тут дыктатура? Павінна быць адказнасць.

Лукашэнка дадаў, што ў краіны няма нафтадаляраў, грашыма праблему не зальеш, таму павінны быць дысцыпліна і адказнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0