Выбарчыя ўчасткі адкрыліся а 7 раніцы. Палякі абіраюць кіраўніка дзяржавы з ліку 11 прэтэндэнтаў, уключаючы цяперашняга прэзідэнта Анджэя Дуду, паведамляе «Польскае радыё».

Сярод яго супернікаў на пасаду прэзідэнта — мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі, вядомы журналіст Шымон Галоўня, правы палітык Кшыштаф Босак, левы Роберт Бедрань і лідар Сялянскай партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Пяць іншых кандыдатаў — прадпрымальнік, які нядаўна стаў палітыкам, Марэк Якубяк, акадэмік Міраслаў Піятроўскі, бізнэсовец Павел Танайна, палітык і грамадскі дзеяч Вальдэмар Віткоўскі і самазаняты Станіслаў Жуўтэк.

Паводле новаўвядзенняў у польскае заканадаўства, выкліканых эпідэміяй каранавіруса Sars-Cov-2, сёлета прэзідэнцкія выбары ў Польшчы праходзяць па змяшанай сістэме — па пошце і традыцыйнае галасаванне на ўчастку.

Афіцыйныя вынікі галасавання, як чакаецца, будуць абвешчаныя на працягу найбліжэйшых некалькіх дзён.

Калі ніводзін з кандыдатаў не набярэ больш за 50% галасоў, то другі тур выбараў адбудзецца праз два тыдні, 12 ліпеня.

Выбары прэзідэнта Польшчы першапачаткова планаваліся 10 мая, але не адбыліся праз эпідэмію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0