Прэм'еру новага фільма Крыстафера Нолана «Довад», запланаваную на 30 ліпеня, перанеслі яшчэ на два тыдні. Чакалася, што менавіта з гэтай карцінай пасля вымушаных канікул вернуцца да працы большасць кінатэатраў дзяржаўнай сеткі «Кінамінска». Аднак яны запрацуюць толькі з 12 жніўня, піша Tut.by.
Пра гэта распавяла начальніца аддзела рэпертуарнага прагназавання і планавання мінскага «Кінавідэапраката» Вольга Багаварава.
Прэм'еру брытана-амерыканскага фільма Крыстафера Нолана «Довад» пераносяць ужо другі раз. Сусветная прэм'ера павінна была адбыцца ў сярэдзіне ліпеня, затым выхад рэлізу перасунулі на канец месяца. Цяпер пракатчыкі назвалі новую дату выхаду баевіка — 12 жніўня ў свеце і 13 жніўня ў Беларусі і Расіі. Гэта звязана з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі з COVID-19 у рэгіёнах, дзе былі адмененыя абмежавальныя меры.
Як стала вядома на мінулым тыдні, дзесяць кінатэатраў сеткі «Кінамінска» планавалі адкрыць дзверы для гледачоў 30 ліпеня менавіта паказам навінкі Нолана.
З пераносам рэлізу змяніліся і даты адкрыцця.
«[З адкрыццём] пачакаем, бо сітуацыя змяняецца штосекундна. Але пакуль асноўныя рэлізы перанесеныя на жнівень: 13 жніўня павінна адбыцца прэм'ера «Довада», 21 жніўня — «Мулан», — кажа Багаварава.
У структуру «Кінамінска» ўваходзяць 13 кінатэатраў, 12 з іх часова не працуюць з сярэдзіны красавіка. Адкрываць кінатэатры фільмамі, якія ўжо былі ў пракаце, суразмоўніца не бачыць сэнсу, таму ў кампаніі разлічваюць прыцягнуць гледача вось ужо сапраўды доўгачаканай прэм'ерай.