У абласным судзе 30 чэрвеня гродзенцу Уладзіміру Навуміку вынеслі прысуд па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП). Мужчыну затрымалі 29 мая разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, піша hrodna.life.
Разглядаліся адміністрацыйныя справы ў будынку Гродзенскага абласнога суда. Абвінавачаны ў зале не прысутнічаў, ён працягвае знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску. На судзе ён прысутнічаў па відэасувязі.
Судзілі Навуміка па артыкулах 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні). Сведкамі на судзе выступалі супрацоўнікі АМАПу Павел Халява і Аляксандр Мацкевіч.
29 чэрвеня Навумік папрасіў суддзю падчас першага пасяджэння прадаставіць відэа са свайго тэлефона, які быў канфіскаваны ў межах крымінальнай справы, і відэа падзеяў на плошчы 29 траўня з інтэрнэту. Хадайніцтва спачатку было адхілена, але, па просьбе жонкі і бацькі мужчыны, суддзя дала магчымасць Навумікe даказаць сваю невінаватасць.
У судовым працэсе быў перапынак да 30 чэрвеня. На наступны дзень разгляду справы суддзя не палічыла прадастаўленыя абаронай відэа доказам невінаватасці Навуміка. Відэа былі прадстаўлены з розных рэсурсаў: TUT.BY, тэлеграм-канала Nexta і тэлеканала «Беларусь-1».
На адным з відэа бачна, як Навумік сыходзіць за службовы аўтамабіль. Са слоў абвінавачанага, там яго і затрымалі. Але на відэа не бачна, каб ён лаяўся матам ці аказваў супраціў супрацоўнікам міліцыі. На падставе недакладных паказанняў сведак і адсутнасці правапарушэння на відэа абарона Навуміка прасіла суд спыніць справу. Але суд прызнаў гродзенца вінаватым і прысудзіў дадаткова 10 сутак адміністрацыйнага арышту. У СІЗА ў Мінску Уладзімір Навумік знаходзіцца ўжо месяц. Ён праходзіць па арт. 342 (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).