Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Грамадзянка Украіны аказалася сярод пацярпелых кліентаў Белгазпрамбанка, у якіх пасля ператрусу ў галоўным офісе банка знікла змесціва дэпазітных ячэек. Паводле яе слоў, у яе знаходзілася ў банку больш за 170 тысяч даляраў. З-за знікнення грошай Марына (імя зменена) напісала заяву ў міліцыю. Яна таксама пакінула электронны зварот на сайце Лукашэнкі, у якім папрасіла яго «пасадзейнічаць у вяртанні грашовых сродкаў, канфіскаваных без майго ведама і па незразумелых мне прычынах», піша Tut.by.

Марына распавядае, што пра знікненне грошай з ячэйкі даведалася 26 чэрвеня, пасля таго як прыехала ў Беларусь і наведала галоўны офіс Белгазпрамбанка. Да гэтага яна была ў банку прыкладна ў канцы лютага — пачатку сакавіка. «Пасля гэтага быў каранцін, да таго ж патрэбы не было, — удакладняе яна. — А ў мінулую пятніцу разам з жаніхом схадзілі ў галоўны офіс. Скрыня ў дэпазітнай ячэйцы, у якім захоўваліся грошы, была пустая. Адразу ж напісалі заяву на імя Надзеі Ермаковай і выклікалі міліцыю на месца здарэння».

У ГУУС Мінгарвыканкама пацвердзілі, што атрымалі заяву.

Па словах Марыны, у дэпазітнай ячэйцы знаходзілася больш за 170 тысяч даляраў. Яна кажа, што можа пацвердзіць паходжанне грошай, але пра гэта яе ніхто не прасіў перад тым, як забраць іх з ячэйкі.

— Гэта ўсе мае грошы. Гэта не тое што злачынства, гэта крадзеж на ўзроўні дзяржавы. Мне складана зразумець, як магчыма дзяржаўным структурам зайсці ў памяшканне з ячэйкамі і ўзяць у мяне грошы без маёй прысутнасці ці хаця б папярэдняга паведамлення. Не думала, што такое бязмежжа магчыма, — кажа грамадзянка Украіны. — Я ніякім чынам не звязаная ні з выбарамі ў краіне, ні з палітыкай, ні з кіраўніцтвам банка.

Марына распавядае, што разглядала магчымасць адкрыць бізнэс у Беларусі. Магчыма, укласці грошы ў нерухомасць. Але пасля таго, што адбылося, кажа, што жаданне знікла.

8 ліпеня Марыне трэба вярнуцца дадому, яна спадзяецца, што да гэтага часу праясніцца сітуацыя з яе зніклымі грашыма. У банку ёй сёння адказалі, што перадалі зварот у Дэпартамент фінансавых расследаванняў дзяржкантролю, бо «зварот змяшчае пытанні, рашэнне якіх не адносіцца да кампетэнцыі Белгазпрамбанка». Марына плануе звяртацца ў іншыя беларускія інстанцыі, у тым ліку пры неабходнасці ў Генпракуратуру, а калі не атрымаецца вырашыць пытанне — то і ў міжнародныя арганізацыі.

Марына пакінула электронны зварот на сайце Лукашэнкі, у якім папрасіла яго «паспрыяць у вяртанні грашовых сродкаў, канфіскаваных без майго ведама і па незразумелых мне прычынах».

Нагадаем, некаторыя кліенты Белгазпрамбанка напісалі заявы ў банк з-за ўскрыцця дэпазітарных ячэек без іх прысутнасці і страты змесціва. Гэта выявілася, калі яны на мінулым тыдні змаглі праверыць іх змесціва. Да гэтага трапіць у памяшканне з ячэйкамі нельга было з-за следчых дзеянняў. Пры гэтым кліенты адзначаюць, што іх не апавяшчалі пра якія-небудзь дзеянні ў дачыненні да іх каштоўнасцяў, а некаторыя з іх, як мяркуецца, трапілі ў кадр сюжэту БТ, у якім гаварылася пра «справу Белгазпрамбанка» і паказваліся кадры ператрусу ў банку.

У кадр акрамя грашовых купюр, некаторыя з якіх спакаваныя ў чорныя поліэтыленавыя мяшкі і папяровыя скрынкі, таксама патрапілі памятныя манеты Нацбанка Беларусі (да прыкладу, «Беларускі балет. 2006»), невялікія залатыя зліткі, як мяркуецца, інвестыцыйныя манеты Банка Расіі, тры ўпакоўкі ад лэджараў дзвюх мадэляў — спецыяльных кашалькоў для крыптавалюты (ці былі ў іх самі лэджары — невядома).

Марына таксама кажа, што яе грошы, якія былі скручаныя гумкамі, як мяркуецца, трапілі ў кадр у сюжэце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?