Насельніцтва і тэрыторыя Магілёва разбітыя на тры раённыя камісіі па выбарах прэзідэнта. Запомніць іх лёгка — Ленінская, Кастрычніцкая і Магілёўская, паведамляе «Магілёўская вясна».

29 чэрвеня ў гэтых камісіях падвялі вынікі праверкі подпісаў па вылучэнні ў кандыдаты ў прэзідэнты. Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу пракацілі міма выбараў.

На ўвесь Магілёў з больш за 110 тысяч подпісаў афіцыйна за Лукашэнку не прызналі 172.

У Магілёўскім раёне не будуць улічваць подпісы ні за Бабарыку, ні за Цапкалу. Згодна з праверкай камісіі, у абодвух прэтэндэнтаў узровень непраўдзівых сігнатур у падпісных лістах больш за 15%. Фактычна, гэта азначае выкідванне ў сметнік усіх сабраных і здадзеных па раёне подпісаў.

У іншых камісіях палітыкі таксама атрымалі кучу праблем. Ленінскі выбаркам не будзе ўлічваць здадзеныя подпісы за Бабарыку (недакладнымі прызнаныя 274 подпісы з 1766), а Кастрычніцкая — за Цапкалу (182 з 1007).

А ў глабальным выніку, калі ўзяць усе магілёўскія подпісы, якія не будзе ўлічваць ЦВК за Бабарыку і Цапкалу, то выходзіць, што палітвязень банкір страціў у абласным цэнтры ў сукупнасці больш за 5,5 тысячы, а былы кіраўнік ПВТ — больш за 3 тысячы подпісаў.

У ЦВК ад Магілёва ў падтрымку Ціханоўскай пойдуць каля 5,5 тысяч подпісаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0