Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

На заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што будуць адноўленыя экзамены ва ўніверсітэтах, адгукнуўся ў сябе ў фэйсбуку вядомы педагог, кіраўнік адукацыйных курсаў «Фабрыка ведаў» Аляксандр Луцэвіч.

Размовы аб рэформе ЦТ заводзіліся ўжо не раз. І апошняе, што мусіравалася, — гэта стварэнне нейкага аналага расійскага ЕГЭ, які адначасова заменіць састарэлыя школьныя экзамены і ўвядзе частку С, у якой абітурыент дадаткова можа паказаць не толькі ўменне рашаць тэсты, але і ход думак. Мой жыццёвы прынцып «працуе — не чапай» тут усё ж прымушае сумнявацца, што гэтая сістэма будзе аб'ектыўнейшай за ЦТ. Але скасаванне школьных экзаменаў як асобнага архаізму тут выглядае цалкам лагічным. Агулам: калі ўсё ж гаворка ідзе пра такую рэформу, то тут можна будзе працаваць над гэтым і абмяркоўваць.

Аднак дзіўным выглядае ўказанне, каб сістэма была змененая ўжо з наступнай уступнай кампаніі. Па-першае, многія абітурыенты ўжо рыхтуюцца менавіта да ЦТ з 10 класа, а па-другое, будучы 11 клас — гэта апошні клас, які ідзе па старой праграме. І калі нешта змяняць, то рабіць гэта ўжо з 2022 года.

Наколькі яшчэ ўдалося нешта разгледзець з выступу і ўдакладненняў пазней прадстаўніка Міністэрства адукацыі, гаворка можа ісці аб спалучэнні ЦТ і яшчэ нейкага вуснага экзамену. Як гэта можа спалучацца ў выніку — пакуль для мяне загадка. Незразумела, ці будзе вусным нейкі профільны прадмет (як цяпер пры творчых спецыяльнасцях, напрыклад) ці гэта будзе нейкі аналаг сумоўя, якое ўжо калісьці ўводзілі, а потым адмянілі з прычыны яго бессэнсоўнасці. Увогуле, тут пакуль занадта мала ўводных, каб гаварыць прадметна.

Цяпер пра тое, чаго дапусціць ніяк нельга. Гэта поўны пераход на вусныя ўступныя экзамены або іх дамінуючую ролю пры сістэме тэст + вусны экзамен. Што мы атрымаем:

1. Бардак пры паступленні зноў вернецца. Наколькі я ведаю, існавалі камісіі па абскарджанні пры ВНУ, прэзідэнцкая камісія і іншае. Будзе вяртанне да поўнай непразрыстасці і неабходнасці пастаянна змагацца за свае правы нават пры паступленні.

2. Карупцыя — як адкрытая, так і прыхаваная. Што я маю на ўвазе пад схаванай: ізноў адродзіцца каста «рэпетытараў» з ВНУ, якія будуць «рыхтаваць да паступлення». Чаму я пішу пра гэта ў двукоссях? Таму што тут дадаткова будуць «прадавацца» яшчэ і кансультацыі пра тое, як адказваць таму ці іншаму свайму калегу, а таксама тое, што закіне рэпетытар-прафесар слоўца пра свайго вучня свайму сябру-прафесару, які будзе сядзець у прыёмнай камісіі. Такім чынам, замест сумленнага паступлення ў фармаце «хто як вучыўся — той так і паступіў» зноў вылезуць розныя інсінуацыі. І гэта я яшчэ маўчу пра тое, што зноў пры такім раскладзе з'явіцца фраза: «Тут трэба ўладкаваць сына важнага чалавека».

3. На дадзены момант за ЦТ сапраўды мы не бачым чалавека, і такім чынам сістэма засцерагае яго ад прадузятага стаўлення да сябе. Не будзе ў нас тады вяртання да чагосьці накшталт «забароны паступаць ва ўніверсітэт дзецям ворагаў народа»? Бо цяпер не толькі твае веды будуць важныя, а яшчэ і «добранадзейнасць» твая ці тваіх бацькоў. А можа, нават і проста знешні выгляд.

4. І яшчэ адзін важны аспект, пра які мала хто ўспамінае: калі ўступныя экзамены адвядуць у бок вусных і вернецца сістэма непразрыстасці і неаб'ектыўнасці, то мы атрымаем наступную сітуацыю: агульны ўзровень ведаў у абітурыентаў упадзе. Тлумачу, адкуль такая выснова: цяпер усе абітурыенты краіны разумеюць, што яны не змогуць добра здаць тэсты, калі не будуць рыхтавацца. Спісаць або ўладкавацца па блаце не атрымаецца. І воляй-няволяй дзеці вучацца. Дарэчы, для тых жа сельскіх дзяцей цяпер існуе вельмі шмат магчымасцяў па анлайн-навучанні. Мы жывём у часы, калі ўжо не мае значэнне, што ў вёсцы «няма моцнага педагога». Варыянтаў займацца анлайн цяпер існуе процьма на любы колер і кашалёк (прычым вельмі шмат у сетцы бясплатных відэаўрокаў, тэстаў і іншых матэрыялаў, а рэпетытары часта праводзяць бясплатныя вебінары і стрымы) — перадайце пра гэта куды-небудзь наверх, калі ласка. Дзеці цяпер у вёсках не ў 1970-х гадах жывуць…

У выніку, сябры, хто не займаецца падрыхтоўкай абітурыентаў да ЦТ, проста не ўяўляе, які пласт ведаў дзеці атрымліваюць за год навучання. Дзеці прыходзяць звычайна з нулявымі ведамі, напрыклад, па гісторыі Беларусі. Нешта адрывіста памятаюць, але гэта і ведамі назваць нельга. А ўжо да канца года яны жыва арыентуюцца ў працэсах, якія былі на нашых землях, і ўяўляюць з сябе зусім іншых з пункту гледжання адукаванасці людзей, чым яны былі ў пачатку навучальнага года. Калі з'явяцца іншыя спосабы паступіць — тады гэты ўзровень ведаў і колькасць абітурыентаў з гэтымі ведамі немінуча ўпадуць. І гаворка як пра тых гарадскіх абітурыентаў, так і сельскіх. Тут няма ніякіх адрозненняў.

Хоць, стойце. А можа, для гэтага ўсё гэта і задумана?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?