Паўэрліфтар Сяргей Шабанаў працуе трэнерам у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Праўда, працуе там апошні тыдзень. Па словах хлопца, яму не сталі працягваць кантракт пасля яго адмовы падпісацца за дзейнага прэзідэнта.

Фота са старонкі «УКантакце»

Сяргей родам з Барысава. З пяці гадоў займаўся спартыўнымі танцамі, таму і вырашыў паступаць у БДУФК. Але на першым курсе да танцаў астыў.

«Ва ўніверсітэце выкладчыкі не вельмі прыемна адгукаюцца пра танцораў не самага высокага класу. Мне гэта моцна не падабалася, — тлумачыць Сяргей. — Насупраць залы танцаў была трэнажорная, і я вырашыў паглядзець: а што там адбываецца? І з трэцяга курса пачаў займацца паўэрліфтынгам. Сёлета рыхтаваўся да сваіх першых спаборніцтваў па паўэрліфтынгу — калі б не каранавірус, яны ўжо прайшлі б».

Пару год таму пры ўніверсітэце пабудавалі плавальны комплекс, дзе адкрылі трэнажорную залу. Сяргей па размеркаванні ўладкаваўся туды трэнерам па агульнай фізпадрыхтоўцы.

Хлопец расказвае, што ніколі не хаваў сваіх свабодных поглядаў. На першым курсе адмовіўся ўступаць у БРСМ — праўда, пасля даведаўся, што яго туды ўсё адно запісалі. На другім не стаў галасаваць.

«Гэта быў 2015-ы, год выбараў. Назіраў такую карцінку. Студэнты-выдатнікі надзявалі касцюмы, іх на першым паверсе строілі ў шэраг і па камандзе па 2-6 чалавек адпраўлялі галасаваць на камеру ў той момант, калі там быў прэзідэнт. Чакалі яго прыезду, смажыліся ў касцюмах гадзіны па тры. Я ў гэтым не ўдзельнічаў».

Сяргей таксама выходзіў на акцыю супраць падатку на дармаедства. Але ва ўніверсітэце змог давучыцца.

«Хутчэй за ўсё, мяне ратаваў статус сіраты, — мяркуе хлопец. — Кожны раз, калі мяне выклікалі на размову на дыван, я нагадваў пра гэта».

Трэнерам хлопец адпрацаваў два гады. Прэтэнзій, кажа, да яго работы не было. Наадварот, некаторыя калегі нават звярталіся да яго па парады. 

Фота са старонкі «УКантакце»

Звальненнем яму прыгразілі пасля адмовы падпісацца за вылучэнне ў кандыдаты Аляксандра Лукашэнкі.

«Я заходзіў падпісваць заяву на адпачынак. А там якраз былі людзі, якія займаюцца зборам подпісаў. І кіраўніца БРСМ, якая мяне не ведала, пытаецца: «А ты ў нас хто? Падпісваўся?» Я гучна пачынаю смяяцца. Кажу: падпісвацца не буду. Тут у кабінет урываецца кіраўніцтва і пачынае мне тлумачыць, што я няправільна раблю і што ў нашым універсітэце я ўжо працаваць не буду». 

7 ліпеня ў Сяргея апошні працоўны дзень. Кантракт працягваць не будуць. Афіцыйнай прычынай трэнеру назвалі тое, што яго пасаду вырашылі проста скасаваць. 

Новае месца працы хлопец яшчэ не знайшоў.

«Было шмат планаў, яны ўсе накрыліся медным тазам. Быў план паехаць у Кітай трэнерам — межы зачынілі. Я і сам ведаю крыху кітайскую, і перакладчыка мне далі б. А іншыя арганізацыі, куды збіраўся, — у пазыках».

Універсітэт: «Не ў курсе, пра каго вы кажаце»

«Наша Ніва» звярнулася па каментар у рэктарат БДУФК, але там тлумачыць сітуацыю адмовіліся.

«Я не ў курсе, пра каго вы кажаце і чаму не працягнулі кантракт. У нас у курсе кадры і рэктар — ён прымае канчатковае рашэнне. Рэктар цяпер на бальнічным. А я каментары па тэлефоне нікому не даю.

Я цяпер выконваю абавязкі рэктара, у мяне вельмі шмат працы, патэлефануйце на наступным тыдні. Сёння і заўтра ў мяне магчымасці з вамі сустрэцца няма», — адказаў першы прарэктар Сяргей Шаўрук.

У аддзеле кадраў патлумачылі, што не маюць права камунікаваць з прэсай.

Чытайце таксама: Мінпрацы пра трэнера з Універсітэта фізкультуры, які не падпісаўся за Лукашэнку: Ён сам падаў заяву на звальненне

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?