Фота Юліі Дарашкевіч.
Сёння кіраўніцтва Партыі БНФ атрымала ліст з ЖЭСу Савецкага раёну сталіцы з патрабаваннем пакінуць памяшканне на Машэрава (Варвашэні), 8 да 8 ліпеня. Справа ў тым, што арганізацыя мае запазычанасць у памеры 6381396 рублёў, і сістэматычна парушае ўмовы дамовы.
Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі кажа, паводле прысланых папераў выходзіць, што арганізацыя не заплаціла арэнду за офіс за адзін з месяцаў. «Ну неяк так атрымалася. Мы заплацім гэтыя грошы, не праблема. Аднак у лісце гаворыцца, што дамова не будзе працягнутая нават у выпадку выплаты доўгу. Гэта падобна на палітычны заказ, асабліва ў кантэксце з канфіскацыяй маёмасці ў Руху за Свабоду. Такая вось палітыка лібералізацыі», — кажа Л.Баршчэўскі.
Ад красавіка 2008 году, пасля таго, як цэны на арэнды офісаў для грамадскіх аб’яднанняў былі павышаныя амаль у дзесяць разоў, Партыя БНФ плаціць за мінскае памяшканне блізу 2800 еўра ў месяц. «Гэта вялізныя грошы, яны даюцца нам вельмі цяжка», — гаворыць лідэр БНФ.
Цяпер партыя збіраецца высветліць, якія запазычанасці яна мае. «Натуральна, мы гэтыя грошы будуць пераведзеныя. Будзем глядзець, што далей. Трэба крычаць, што ў камунальнікаў няма ніякіх падставаў высяляць нас з Сядзібы», — падсумоўвае Л.Баршчэўскі.
Сядзіба Партыі БНФ знаходзіцца па адрасе Варвашэні, 8 ад 1992 г. За гэты час у памяшканні прайшло мноства імпрэзаў, прэзентацый, канцэртаў, прэс‑канферэнцый. Там праходзілі нават з’езды палітычных партый. БНФ некалькі разоў ужо спрабавалі выселіць, але памяшканне ўвесь час удавалася адстаяць.





