«Наша Ніва» публікавала гісторыю трэнера Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Сяргея Шабанава. Хлопец расказваў, што яму не сталі працягваць кантракт пасля яго адмовы падпісацца за дзейнага прэзідэнта. 

Фота са старонкі «УКантакце»

Фота са старонкі «УКантакце»

Вось як Сяргей апісваў той інцыдэнт.

«Я заходзіў падпісваць заяву на адпачынак. А там якраз былі людзі, якія займаюцца зборам подпісаў. І кіраўніца БРСМ, якая мяне не ведала, пытаецца: «А ты ў нас хто? Падпісваўся?» Я гучна пачынаю смяяцца. Кажу: падпісвацца не буду. Тут у кабінет урываецца кіраўніцтва і пачынае мне тлумачыць, што я няправільна раблю і што ў нашым універсітэце я ўжо працаваць не буду». 

У рэктараце каментаваць нічога не сталі і зрабілі выгляд, што не ў курсе, пра каго ідзе размова.

Трэнер Універсітэта фізкультуры адмовіўся ставіць подпіс за Лукашэнку — і яму не працягнулі кантракт

Пазней на сітуацыю адрэагавала Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

«Асноўная выснова — намер наймальніка звольніць Шабанава не пацвярджаецца. Ініцыятыва сыходзіла выключна ад самога работніка», — сцвярджаюць у ведамстве.

Заяву Сяргей падаў 29 мая, а кантракт заканчваўся 8 ліпеня. «То бок заява аб звальненні напісана нашмат раней за месячны тэрмін, усталяваны заканадаўствам. У дадзеным выпадку тэрмін паведамлення ад кіраўніцтва ўніверсітэта і Шабанава надыходзіў не пазней за 7 чэрвеня», — падкрэсліваюць у міністэрстве.

І дадаюць, што рэктарат не меў намеру звальняць работніка і не плануе скасоўваць яго пасаду. Больш за тое, пайшоў насустрач Сяргею і даў яму водпуск цалкам раней, чым гэта было прадугледжана графікам. Дзякуючы гэтаму трэнер атрымаў дапамогу на аздараўленне ў поўным памеры.

«У ходзе сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства Шабанаў пацвердзіў, што рашэнне аб звальненні прымаў сам, і ўсведамляе, што наймальнікам заканадаўства аб працы не парушалася», — падсумоўвае Мінпрацы і сацабароны.

Сяргей Шабанаў не адмаўляе: заяву насамрэч падаў ён, але не па сваім жаданні.

«Яна была напісана пад ціскам запісу ў працоўнай кніжцы пра тое, што ўніверсітэт развітваецца са мной, а не я з імі. З такой пазнакай пасля складана знайсці працу: калі трэнера ёсць за што звольніць, значыць гэта не проста так.

Я ў міністэрстве паўгадзіны гэта тлумачыў. Яны сказалі, што з пункту гледжання прававога поля ўніверсітэт мае рацыю», — патлумачыў хлопец «Нашай Ніве».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?