Мы ўдваіх з жонкай інваліды другой групы. Дапамогі ад дзяржавы няма, толькі маем ад чыноўнікаў і вертыкалі адну брахню і прыніжэнне з пагрозамі.

Пішу вам упершыню, бо да 2009 году я не ведаў, што ёсць такая газета «Наша Ніва». І калі вы атрымалі дазвол на распаўсюд, я пайшоў на пошту і стаў патрабаваць, каб «НН» прыходзіла для чытачоў у вольны продаж на Парыцкае аддзяленне пошты. Мне на пошце сказалі, што на аддзяленне пошты мы ў вольны продаж такую газету не можам атрымліваць, толькі па падпісцы, і так я з 2009 году стаў адданым вашым чытачом з распаўсюдам газеты іншым людзям.

Жывем мы ўдваіх з жонкай. Абое інваліды другой групы. Дапамогі ад дзяржавы няма, толькі маем ад чыноўнікаў і вертыкалі адну брахню і прыніжэнне з пагрозамі.

Жонка — ветэран працы з стажам 45 гадоў. 35 гадоў працавала ў Парыцкай бальніцы на пасадзе сястры-гаспадыні і санітаркі, а цяпер на прыём да доктара, падаючы, чакае чаргі...

Сам я з 1936 году нараджэння, памятаю ўсю вайну. Вывезлі нас тады з хутароў, бо немцы лічылі, што мы хаваем партызан. Завезлі пад Бабруйск у в.Панкратавічы. Сагналі шмат людзей, загналі ў сарай, абклалі саломай і хацелі паліць. Раптам пад’ехала легкавая машына, з яе выйшаў афіцэр і па нямецку даў каманду выпусціць людзей з сараю. Быў голад, тыф... Я хадзіў да немцаў прасіць хлеба, мяне моцна збіў адзін мадзяр. Адзін раз схапілі мяне ў Краснабярэжскі лагер для адбору крыві для салдат фюрэра... Як толькі жывы застаўся...

Пасля вайны дабраліся з маці да свайго хутару. Жылі ў зямлянцы. Збіралі жалуды, лебяду, крапіву, а летам ягады, грыбы. Аралі на сабе, вашывыя, брудныя. Але ж як дапамагалі людзі адзін аднаму!

А цяпер мяне родная дзяржава зрабіла інвалідам, рабом і быдлам. Я інвалід, пацярпелы ад Чарнобылю, па артыкуле 18: захворванне, па вызначэнні Гомельскага МРЭК, выкліканае ў сувязі з чарнобыльскай катастрофай (як ліквідатар, які неаднакроць накіроўваўся на ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС у Брагінскі і Нараўлянскі раёны, дзе атрымаў дозу з інваліднасцю з стратай 80% здароўя).

І вось у мяне, пацярпелага ад ЧАЭС, у сакавіку 2009 году з пенсіі вылічылі 66 тысяч рублёў! Гэта прытым, што на лекі цэны завоблачныя — дух затыкае і сэрца спыняецца. Калі я пазваніў спытаць, на якой падставе такі грабёж, мне адказалі — у сувязі з падзеннем заработнай платы.

Звярнуўся я і ў Беларускі Хельсінскі камітэт — анічым не памаглі.

І што ты дакажаш, калі ўсё як з панскай рукі даюць? У Беларусі сістэма пабудавана на брахні і гнёце. Але іх пацеха можа абярнуцца страхам і слязьмі для іх саміх, бо няма ўжо сілы больш цярпець такое бяспраўе для простых людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?