Гэта выявіў аўдыт Нацбанку краіны, праведзены на патрабаванне МВФ.

Былы кіраўнік Цэнтрабанку Таджыкістану перавёў больш чым $850 мільёнаў на рахунак кампаніі, якой кіраваў ён сам і ягоныя сямейнікі. Гэта выявіў незалежны аўдыт. Інфармацыя пра яго вынікі з'явілася на сайце банку 13 красавіка.

Вынікі аўдытарскай праверкі кампаніяй Ernst & Young паказалі, што Мурадалі Алімардонаў з 1996 да 2008 гадоў перавёў $856 млн на рахунак інвестыцыйнай кампаніі «Крэдытінвест».

Яшчэ $221,5 млн былі вылучаныя на фінансаванне баваўнянай прамысловасці з 2004 да 2007 гадоў і зніклі ў невядомым кірунку.

Гэта гіганцкія сумы для адной з найбяднейшых краінаў свету, ВУП якой у 15 разоў меншы за беларускі. Цяжка паверыць, каб такія астранамічныя сумы знікалі бяз ведама непатапляльнага прэзідэнта краіны, Эмамалі Рахмонава і ягоных сілавікоў.

Справа пачалася з таго, што ў летась Міжнародны валютны фонд запатрабаваў сплаты $47 млн запазычанасцяў, западозрыўшы фальсіфікацыю таджыцкімі ўладамі звестак пра стан золатавалютных рэзерваў краіны.

Пасля звальнення з Цэнтрабанку Алімардонаў працаваў віцэ-прэм'ерам па сельскай гаспадарцы.

Таджыцкія ўлады пагадзіліся на незалежны аўдыт Цэнтрабанку і іншых буйных дзяржаўных прадпрыемстваў пад ціскам МВФ, ад крэдытаў якога яны залежаць. Аднак Ernst & Young заявіў, што многія дакументы былі знішчаныя напярэдадні аўдыту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?