Новым загадам Міністэрства аховы здароўя ад 1 ліпеня №690 аб лячэнні пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй удакладнена, каго з COVID-19 будуць класці ў бальніцу, піша tut.by.

Паводле новага загаду шпіталізаваць будуць у выпадках:

1) сярэднецяжкай і цяжкай хады COVID-19 (або падазрэнні на яе) пры наяўнасці фактараў рызыкі і/або неабходнасці прызначэння лекаў гідраксіхлорахін;

2) вострага рэспіраторнага дыстрэс-сіндрому з інфекцыяй COVID-19.

Раней, паводле папярэдняга загаду №615 ад 5 чэрвеня 2020 года, шпіталізавалі пацыентаў з пнеўманіяй з інфекцыяй COVID-19 (або падазрэннем на інфекцыю COVID-19) або вострым рэспіраторным дыстрэс-сіндромам з інфекцыяй COVID-19. Пры гэтым ступень цяжару хады пнеўманій у спалучэнні з COVID-19 не ўдакладнялася.

Паводле новага загаду пацыентам са сярэднецяжкай формай COVID-19 без фактараў, што абцяжарваюць хаду пнеўманіі, медыцынская дапамога можа аказвацца дома пры забеспячэнні дынамічнага назірання. Аднак важна разумець, пра што ідзе гаворка. Пад сярэднецяжкай формай каранавіруснай інфекцыі маецца на ўвазе сітуацыя, калі ў чалавека няцяжкая пнеўманія і маецца параза ніжніх дыхальных шляхоў, пры гэтым няма дыхальнай недастатковасці і прыкмет парушэння ўнутраных функцый органаў, захавана свядомасць, няма замаруджанасці, частата дыхальных рухаў не больш за 22 у хвіліну, частата сардэчных скарачэнняў больш за 55 і менш за 110 удараў у хвіліну, няма болю ў грудной клетцы і крывахаркання, працэнт насычэння крыві кіслародам не меншы за 95, сісталічны артэрыяльны ціск вышэйшы за 90 мм рт. сл. Таксама важныя пэўныя параметры ў аналізе крыві.

Да сярэднецяжкай хады каранавіруснай інфекцыі таксама адносіцца сітуацыя, калі ў чалавека ВРВІ з тэмпературай, вышэйшай за 38,5 градуса, кашлем, слабасцю і ліхаманкава-інтаксікацыйным сіндромам.

Фактарамі, якія абцяжарваюць хаду пнеўманіі ў пацыентаў з інфекцыяй СОVID-19, лічыцца век пацыента, калі ён старэйшы за 55 гадоў, і наяўнасць хоць бы аднаго з пералічаных спадарожных захворванняў: марбіднага атлусцення (індэкс масы цела большы або роўны 40), цукровага дыябету, хранічнай кардыяваскулярнай паталогіі з сардэчнай недастатковасцю, хранічнай паталогіі лёгкіх (бранхіяльнай астмы, хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх, бронхаэктатычнай хваробы, мукавісцыдозу), злаякасных наватвораў, захворванняў, якія лечаць імунасупрэсіўнымі, глюкакартыкоіднымі лекамі, трансплантацыі значных органаў або касцявога мозгу, ВІЧ, туберкулёзу, вірусных гепатытаў, анкагематалагічных і сістэмных захворванняў злучальнай тканіны.

Нагадаем, што ў новым загадзе таксама прапісана, каго цяпер падчас планавай шпіталізацыі ў бальніцу будуць тэставаць на COVID-19. Напрыклад, гэта адносіцца да тых, каго чакае планавая аперацыя і ў каго няма сімптомаў ВРВІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0