Каранавірус новага тыпу, хутчэй за ўсё, не выйшаў з лабараторыі ў Кітаі, а знаходзіўся па ўсім свеце задоўга да гэтага ў спячым стане і выявіўся пры пэўным спалучэнні прыродных фактараў. Такога меркавання трымаецца старшы навуковы супрацоўнік Оксфардскага цэнтра доказнай медыцыны і запрошаны прафесар Ньюкаслскага ўніверсітэта Том Джэферсан, словы якога цытуе ў нядзелю газета The Daily Telegraph.

На думку навукоўца, прыходзіць усё больш сведчанняў, што вірус знаходзіўся ў розных краінах да таго, як выявіўся ў Азіі. Так, іспанскія эпідэміёлагі на мінулым тыдні паведамілі, што вірус SARS-CoV-2, які з'яўляецца ўзбуджальнікам каранавіруснай інфекцыі, быў знойдзены ў сцёкавых водах Барселоны яшчэ ў сакавіку 2019 года, за дзевяць месяцаў да таго, як было паведамлена пра першыя выпадкі інфікавання ў кітайскім Ухані. Таксама гаварылася пра тое, што сляды каранавіруса былі выяўленыя ў сцёкавых водах італьянскіх Мілана і Турына ў снежні мінулага года, а ў сцёкавых водах бразільскага горада Фларыанапаліс — у лістападзе 2019 года.

«Я думаю, што вірус ужо быў тут, і пад «тут» я разумею «ўсюды». Цалкам магчыма, мы маем справу са спячым вірусам, які быў актываваны ўмовамі навакольнага асяроддзя, — кажа Джэферсан. — У пачатку лютага на Фальклендзкіх выспах быў выпадак [інфікавання каранавірусам]. Адкуль ён прыйшоў туды? На круізным лайнеры, які здзяйсняў плаванне ад Паўднёвай Георгіі (субантарктычны востраў у Паўднёвай Атлантыцы) да Буэнас-Айрэса за пасажырамі сталі назіраць, а на восьмы дзень, калі яны перасякалі мора Уэдэла, быў зафіксаваны першы выпадак. Ці знаходзіўся вірус у прыгатаванай ежы і актываваўся, калі яе размарозілі?» — задаецца пытаннем вучоны.

Джэферсан праводзіць аналогію з масавай пандэміяй «іспанкі», ад якой з 1918 да 1920 года загінулі, па розных падліках, да 100 млн чалавек, а інфікаваны быў практычна кожны трэці жыхар планеты. «У выпадку з іспанскім грыпам адбываліся дзіўныя рэчы. У 1918 годзе каля 30% насельніцтва Заходняга Самоа памерлі ад іспанскага грыпу, хоць у іх не было ніякіх кантактаў з навакольным светам», — сказаў навуковец.

«Тлумачэнне можа быць у тым, што гэтыя ўзбуджальнікі ніадкуль не прыходзяць і нікуды не сыходзяць. Яны заўсёды тут і часам нешта актывуе іх, можа быць, шчыльнасць сусветнага насельніцтва або ўмовы навакольнага асяроддзя, і менавіта гэта мы павінны вывучыць», — упэўнены Джэферсан. Ён таксама мяркуе, што вірус можа перадавацца не толькі ад чалавека да чалавека, напрыклад, пры зносінах або кашлі, але і праз сцёкавыя воды.

Успышка выкліканага новым каранавірусам захворвання была зафіксаваная ў канцы 2019 года ў Цэнтральным Кітаі, яна пашырылася на большасць краін. 11 сакавіка Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала яе пандэміяй. Ад пачатку пандэміі каранавірусам у свеце заразіліся больш за 11,2 млн чалавек, каля 530 тыс. памерлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0