Мінчук Валянцін Карэеў паспрабаваў трапіць ва ўчастковую выбарчыю камісію: сабраў подпісы суседзяў, падаўся ва УВК. Але на пасяджэнні камісіі яго кандыдатуру чакана адхілілі: толькі адзін чалавек прагаласаваў за, усе астатнія — супраць.
Школьная камісія ў Мінску. Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан
Валянцін Карэеў вырашыў не спыняцца і паспрабаваў абскардзіць рашэнне праз суд, суседзі яго падтрымалі і пагадзіліся падпісаць скаргу. 26 чэрвеня спадар Карэеў падаў яе, і ўжо 29 чэрвеня пратэст разглядалі ў судзе.
На ўчастку №8 Першамайскага раёна Мінска, дзе паспрабаваў замацавацца Валянцін Карэеў, 11 сяброў камісіі вылучаліся ад грамадскіх арганізацый, 2 — ад грамадзян. На судзе высветлілася, што ўсе 13 працуюць на адным прадпрыемстве — Мінскім механічным заводзе імя Вавілава.
Больш за тое, адвакаты знайшлі парушэнні часткі 1 артыкула 35 Выбарчага кодэкса: за траіх самавылучэнцаў выступілі адны і тыя ж людзі. Аднаго з іх адхілілі, астатніх двух зацвердзілі.
Параўнайце: тры заявы трох кандыдатаў у выбарчую камісію з абсалютна аднолькавымі прозвішчамі і звесткамі.
«У гэты момант нам здалося, што мы выйграем справу, бо ёсць канкрэтнае парушэнне артыкула, але мы не чакалі, што пракурор у сваёй прамове проста праігнаруе гэты факт і скажа, што ўсё добра, а суддзя ў фінальнай прамове і прысудзе нават не згадае частку 1 артыкула 35. Як вынік — нам адмовілі ў задавальненні скаргі без права абскарджання», — дзеліцца вынікамі разбіральніцтва Валянцін Карэеў.
Як сцвярджае адвакат Валянціна Карэева, менавіта пасля іх выпадку суды забаранілі рабіць фотаздымкі матэрыялаў справы.



