На фоне бравурных заяў Лукашэнкі аб тым, як Беларусь перамагла каранавірус, па-сапраўднаму дзікай выглядае навіна пра ўспышку захворвання ў беларускім футболе — мінімум 15 чалавек хворыя ў брэсцкім «Дынама», гулец «Гарадзеі» — на ШВЛ.
Ні сам Лукашэнка, ні яго дарадцы, падобна, не разумеюць, што галоўнае слабае месца ўсёй яго публічнай палітыкі апошніх гадоў, фактар, які робіць любыя намаганні і спробы падняць рэйтынг бескарыснымі, — пастаянная хлусня, якая зыходзіць практычна ад кожнага прадстаўніка сістэмы, практычна па любым пытанні і практычна на ўсіх узроўнях.
Лічбавая эпоха не пакінула тактыцы пастаяннай хлусні ніякіх шанцаў. Што было магчыма ў 1990-я і 2000-я, стала немагчымым цяпер. Любая няпраўда маментальна становіцца бачнай і зразумелай, таму што ў людзей з'явіліся дзясяткі крыніц інфармацыі, а не падкантрольныя тэлевізар і газеты, як было раней.
Але сам Лукашэнка, як і большасць яго паплечнікаў, людзі вельмі кансерватыўныя, цяжкія на ўздым, інертныя. Яшчэ асвоіць інтэрнэт, каб навучыцца чытаць, што пра цябе пішуць, можна. Але перабудоўваць самі асновы сваіх паводзін — гэта ўжо залішне. Максімум — павялічваць бюджэты прапагандыстам, патрабуючы з іх прапагандаваць лепей. Але якая розніца, «як» казаць, калі не вырашаецца праблема «што» казаць?
Рацыянальна або ірацыянальна, ён спрабуе зараз гуляць ролю сусветнага лідара ў літаральным сэнсе гэтага слова: гэта значыць, самага разумнага, дасведчанага, празорлівага палітыка на свеце. І тут пачынаецца: усюды каранавірус, а ў нас яго няма або мы «перамаглі»; усюды вайна і разруха, а ў нас — мір; усюды «каструлямі грукаюць» і голад, а ў нас — усе сытыя і задаволеныя.
І гэтак далей да бясконцасці.
І ў гэтым пункце адбываецца сапраўдная іміджавая катастрофа для любой публічнай асобы. Усе бачаць і разумеюць, што гэта хлусня, і ўключаецца самае дрэннае, з чым можа сутыкнуцца палітык ва ўзаемадзеянні са сваімі выбаршчыкамі: людзі пачынаюць адчуваць негатыўныя эмоцыі. Раздражненне ці нават шаленства.
Калі чалавек нас бесіць, усё роўна, гэта калега па працы, сусед ці прэзідэнт, і бесіць на эмацыйным узроўні, мы нават не слухаем, што ён кажа — ён проста бесіць. Так створаныя людзі, эмоцыі заўсёды перамагаюць. Тут кажы, што хочаш і як хочаш, але ніхто не будзе слухаць, будуць пераключаць тэлеканал ці глядзець з хустачкай у руках — экран тэлевізара ці манітор камп'ютара ад пляўкоў выціраць.
Большасць праблем, з якімі цяпер сутыкаюцца беларусы, актуальныя для гэтага свету. Каранавірус ёсць усюды, рэцэсія ёсць усюды. Усім цяпер цяжка: і людзям, і палітыкам. Асмелюся выказаць здагадку: калі б улады гаварылі з беларусамі сумленна, адкрыта вырашалі б існуючыя праблемы, не спрабуючы гуляць у звышлюдзей і чараўнікоў, раздражнення ў грамадстве было б нашмат менш. І самому яму давялося б нашмат менш нервавацца.





