Сёння ў Гомелі вынеслі прысуд начальніку аднаго з падраздзяленняў КДБ Андрэю Мільчанку, які збіў зімой гэтага года дырэктара гомельскай кавярні The box 99 Леанарда Ганчаронка. Суд прызнаў палкоўніка вінаватым у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання і прызначыў 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, піша Tut.by.

Працэс быў закрытым, фота Алены Бычковай

Працэс быў закрытым, фота Алены Бычковай

Таксама Мільчанка павінен быць пазбаўлены звання палкоўніка і павінен выплаціць 45 тысяч рублёў маральнай кампенсацыі.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 8 лютага ў кавярні The box 99. Двое мужчын зайшлі ва ўстанову, замовілі піцу, затым падселі да наведвальніц. 

— Як пазней мне распавялі работнікі, за столікам сядзелі тры дзяўчынкі гадоў па 16-17 гадоў, гэтыя двое да іх падселі і сталі знаёміцца. Мужыкам гадоў па 45, і дзяўчаткі не захацелі размаўляць. Тыя сталі заляцацца. Хлопец, які сядзеў за суседнім сталом, паведаміў пра гэта нашым супрацоўнікам. У залу выйшаў бацька, дырэктар, слова за слова, наведвальнікі папрасілі яго выйсці з ім на вуліцу. Бацька выйшаў, яго сталі збіваць, — распавядаў TUT.BY сын пацярпелага Дзмітрый.

Чалавек на відэа, які наносіў удары 49-гадоваму дырэктару кафэ, — начальнік 4-га аддзела УКДБ па Мінску і Мінскай вобласці палкоўнік Андрэй Мільчанка. Пасля шуміхі мужчына сам прыйшоў у міліцыю з павіннай. У кавярні з ім быў 42-гадовы жыхар сталіцы. У справе ён праходзіць як сведка. На першае судовае пасяджэнне ў Гомельскім абласным судзе прэсу не пусцілі — суд зрабілі закрытым.

— Справа незвычайная, тут прысутнічаюць матэрыялы, якія ўяўляюць дзяржаўную таямніцу, — патлумачыла абаронца пацярпелага.

Сам пацярпелы — Леанард Ганчаронак — на працягу ўсяго працэсу таксама адмаўляўся ад якіх-небудзь каментароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0