Глеб Будкоў (у цэнтры) у судзе, 6 ліпеня 2020 году

Глеб Будкоў (у цэнтры) у судзе, 6 ліпеня 2020 году

У Магілёве судзяць 26-гадовага Глеба Будкова за тое, што ён выйшаў 3 ліпеня зь бел-чырвона-белым сьцягам на пляц перад гарвыканкамам, піша «Свабода».

Мужчыну вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага пікету (2 ч. артыкула 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях). Двое сутак ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня, а 5 ліпеня судзьдзя Ленінскага суду Вікторыя Палякова накіравала справу ў Ленінскі аддзел міліцыі на дапрацоўку.

Пра Глеба Будкова. Сьцісла

  • Нарадзіўся ў Бялыніцкім раёне. Беспартыйны. Скончыў два з паловай курсы Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова.
  • Неўзабаве пасьля службы ў войску знайшоў працу ў Бэльгіі. Там працаваў на будоўлях.
  • Вярнуўся на радзіму ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.

«Калі цяперашні прэзыдэнт застанецца, Беларусь чакае стагнацыя»

У гутарцы са «Свабодай» Глеб Будкоў адзначае, што бел-чырвона-белы сьцяг лічыць «сьцягам сваёй краіны», а выйшаў зь ім 3 ліпеня, каб выказаць незадаволенасьць тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі.

«Як абыходзяцца зь людзьмі, якіх хапаюць проста на вуліцы за рэалізацыю канстытуцыйнага права на выказваньне ўласнай думкі», — тлумачыць ён.

Будкоў кажа, што хоча пераменаў.

«Мне 26 гадоў, і столькі ж Беларусьсю кіруе Аляксандар Лукашэнка. Калі ён застанецца пры ўладзе надалей, то нічога новага не прыўнясе ў разьвіцьцё — і краіну чакае стагнацыя».

«Хадзіць з расейскім сьцягам у Магілёве можна, а зь беларускім не?»

Суразмоўца прызнаецца, што не чакаў затрыманьня, бо ў сваіх дзеяньнях ня бачыў парушэньня закону. Ён кажа, што ў Магілёве неяк бачыў падпітага мужчыну, які хадзіў з расейскім сьцягам на пешаходнай вуліцы ды «з выклікам выпытваў у мінакоў, ці ня супраць яны Расеі», але яго не затрымалі.

Будкоў жа прастаяў зь бел-чырвона-белым сьцягам каля гандлёвага цэнтру «Атрыюм», дзе праходзілі выбарчыя пікеты вылучэнцаў на прэзыдэнцтва, блізу гадзіны. Паводле яго, мінакі ня ставіліся да яго варожа. Некаторыя пасьля роспытаў хацелі зь ім сфатаграфавацца.

«У міліцыі ёсьць някепскія людзі»

У судзе высьветлілася, што Будкова на пляцы перад гарвыканкамам паўгадзіны здымалі на відэа міліцыянты. Затрымалі яго супрацоўнікі ў цывільным, а амапавец завёў у службовую машыну.

«У аддзеле міліцыі некаторыя супрацоўнікі казалі, што ў мяне прыгожы сьцяг, — згадвае ён. — Адзін зь міліцыянтаў пагадзіўся з маёй думкай: калі нічога беларусам не рабіць, то беларуская мова, культура і дзяржаўнасьць зьнікнуць, як і сам народ».

Суразмоўца лічыць, што «ня ўсе ў праваахоўных органах кепскія людзі». На ягоную думку, яны апынуліся ў сытуацыі, калі вымушаныя выконваць загады, якія ім не падабаюцца.

«Але і яны мусяць разумець, што за свой заробак прадаюць будучыню сваіх дзяцей і што ад іхнай пазыцыі многае залежыць у краіне», — дадае Будкоў.

Чаму кінуў вучыцца і паехаў у Бэльгію

Глеб Будкоў скончыў два з паловай курсы фізыка-матэматычнага факультэту Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Кажа, што пайшоў туды вучыцца, бо ў школе матэматычныя дысцыпліны даваліся яму добра. Потым зразумеў, што настаўнікі жывуць не заможна, а некаторыя нават бядуюць, таму кінуў вучыцца.

«Для маладога чалавека жыцьцё ў Беларусі беспэрспэктыўнае, — кажа суразмоўца. — Цяжка распачаць бізнэс, дамагчыся ў нечым посьпехаў. Грамадзяне безабаронныя перад дзяржавай. У любы момант начальнік можа выкінуць цябе з працы. Асабліва цяжка маладой сям’і. Давядзецца ўсё жыцьцё зьбіраць грошы на тое ж жыльлё».

У Бэльгію ён паехаў, бо «гэта краіна са стабільнай заможнай эканомікай». Там адрабіў паўтара года мантажнікам на будоўлях. Сканчэньне працоўнай візы супала з пандэміяй каранавірусу, таму вярнуўся на радзіму. Цяпер жыве з таго, што зарабіў за мяжой.

«Там асабліва працы не было, — згадвае ён. — Будаўнічыя арганізацыі зачыняліся, таму вырашыў вярнуцца ў Беларусь і тут пераседзець каранавірус. Спадзяюся паехаць туды зноў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?