ГУБАЗіК разагнаў «сходку» крымінальных аўтарытэтаў на чале са «злодзеем у законе» Аляксандрам Кушняровым, паведамляе афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.

Спецаперацыя прайшла днём 9 ліпеня ў Лідзе. Каля мясцовага возера аператыўнікі па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС і байцы Спецатрада хуткага рэагавання затрымалі 32 чалавекі. У некаторых з іх міліцыянты знайшлі нажы і сякеру.

«Сходка» была арганізавана так званым злодзеем у законе Аляксандрам Кушнеравым па мянушцы «Куша». Прычына сходкі — перадзел сфер уплыву ў крымінальных колах Беларусі і спроба Кушнярова «ўмацаваць пазіцыі» ў Гродзенскай вобласці.

На сустрэчы планавалася прызначыць «сматрачага» за некаторымі гарадамі Гродзенскай вобласці, у тым ліку за Лідай.

Узрост затрыманых ад 22 да 60 гадоў, яны — прадстаўнікі крымінальнага асяроддзя розных гарадоў краіны. Большасць прыцягвалася да крымінальнай адказнасці за розныя злачынствы. Двое з іх, прыехаўшы ў Ліду, парушылі патрабаванні прэвентыўнага нагляду. Па дадзеным факце міліцыя праводзіць праверку.

З пачатку года гэта першая спроба прадстаўнікоў крымінальнага свету арганізаваць «сходку». Аператыўнікі мяркуюць, што яна звязаная з вызваленнем з месцаў пазбаўлення волі іншага «злодзея ў законе» Паўла Алексяевіча па мянушцы «Паштэт», які з'яўляецца праціўнікам Кушнярова.

У мінулым годзе ГУБАЗіК спыняў падобныя сходы ў Лідзе, Бабруйску, Мінску і Полацкім раёне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0