У тэлеграм-чаце «Краіны для жыцця» Фрунзенскага раёна Мінска 9 ліпеня з’явіўся дзіўны карыстальнік, які паводзіў сябе задзірліва, мацюгаўся, а таксама абражаў іншых удзельнікаў.

Характэрнай асаблівасцю гэтага карыстальніка было тое, што ён падпісаны імем «Ігар Цімашышын». Такое самае імя мае старшыня Фрунзенскай раённай арганізацыі «Белай Русі». На аватарцы ў гэтага карыстальніка таксама быў здымак згаданага функцыянера.

Ігар Цімашышын. Фота з сайта «Белай Русі»

Ігар Цімашышын. Фота з сайта «Белай Русі»

«Ігар Цімашышын» абяцаў, што будзе «труціць» удзельнікаў чата, якіх ён ласкава называў «тараканамі». Называў іншых удзельнікаў чата «жывёламі», «дурнямі» і «піда…мі», а таксама шмат мацюгаўся.

Ці быў гэта сапраўдны Ігар Цімашышын? «Наша Ніва» пацікавілася ў самога прадстаўніка «Белай Русі».

«Я напісаў заяву ў міліцыю. Нехта ад майго імя размяшчаў у інтэрнэце гэтыя рэчы. Я сам толькі сёння ўбачыў, мне пазванілі. Хай адкажа той, хто размясціў. Я быў у шоку, я любых людзей паважаю і матам не лаюся», — сказаў Цімашышын.

Ён перакананы, што гэта фэйк.

«Я быў вельмі абураны, што нехта ад майго імя выстаўляе такое, хай праваахоўнікі разбіраюцца. Мяне па-ранейшаму трасе і калоціць праз тое, што нехта займаецца такім ад майго імя. Гэта подлая правакацыя. Я не выкарыстоўваю такія словы. Я нават не ведаю такіх тэлеграм-каналаў. Фатаграфію нехта, мабыць, скачаў — айцішнікі, можа, і зладзілі подлую і брыдкую правакацыю», — сказаў «Нашай Ніве» прадстаўнік «Белай Русі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?