Гэта першы візіт у Беларусь кіраўніка чэшскага замежнапалітычнага ведамства. Між іншым, дакладная праграма візіту дагэтуль невядома.
Як паведаміла прэс‑служба чэшскага пасольства ў Беларусі, на гэты момант запланаваны перамовы К.Шварцэнберга з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і пасламі краін Еўрасаюза ў Мінску.
Мэта візіту кіраўніка МЗС Чэхіі, якая цяпер старшынствуе ў Еўрасаюзе,
— разгледзець перспектывы супрацоўніцтва ЕС і Беларусі, у прыватнасці ўдзел краіны ў новай праграме ЕС «Усходняе партнёрства».Плануецца таксама абмеркаваць пытанні беларуска‑чэшскіх адносінаў, у тым ліку развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, і тэхнічныя пытанні, звязаныя з дыппрадстаўніцтвам Чэхіі ў Мінску, паведамляе пасольства.
У кастрычніку 2008 года МЗС Чэхіі заявіла пра жаданне пашырыць кантакты з афіцыйным Мінскам з улікам гатоўнасці беларускага кіраўніцтва прасоўвацца па шляху дэмакратыі. Гаварылася пра зацікаўленасць Чэхіі ў развіцці палітычных і эканамічных сувязей на двухбаковым узроўні, а таксама пра гатоўнасць аказаць падтрымку ў наладжванні дыялогу паміж Беларуссю і ЕС.
У канцы кастрычніка 2008 года Беларусь наведаў намеснік міністра замежных спраў Чэхіі Томаш Пояр. Ён сустрэўся з прадстаўнікамі афіцыйных структур Беларусі і лідэрамі дэмакратычных сіл.
У сакавіку 2009 года К.Шварцэнберг выказаўся ў падтрымку працягу частковага прыпынення візавых санкцый у дачыненні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.Са сваім беларускім калегам С.Мартынавым ён сустракаўся двойчы — у кастрычніку 2008 года (Люксембург) і ў студзені 2009 года (Брусель). Абедзве сустрэчы праходзілі ў фармаце перамоў еўрапейскай «тройкі» (Савета ЕС, Еўракамісіі і краіны — старшыні Еўрасаюза).