Расія можа выкарыстоўваць абмежаванні на экспарт пшаніцы ў якасці інструмента палітычнага ўздзеяння. Да такой высновы прыйшоў амерыканскі часопіс The National Interest.

Выданне адзначае, што цяпер Расія з'яўляецца найбуйнейшым экспарцёрам пшаніцы ў свеце, у 2028 годзе чакаецца, што яна будзе кантраляваць 20% глабальнага рынку збожжа. Гэты ўплыў можа ўзмацніцца дзякуючы ўводу ў абарачэнне новых сельскагаспадарчых зямель.

«Расія можа зрабіць экспарт [пшаніцы] палітычным рычагом. Яна магла б выкарыстоўваць яго для ўплыву на краіны з харчовай нестабільнасцю», — піша часопіс.

У якасці прыкладу the National Interest падае квоту на экспарт пшаніцы і іншых відаў збожжавых культур у перыяд пандэміі каранавіруса. «Дзеянні Расіі прывялі да таго, што іншыя краіны паспяшаліся павялічыць свае запасы збожжа, дадаўшы дадатковыя выдаткі бюджэтам», — тлумачыць выданне.

Аўтары публікацыі адзначаюць, што Масква не ўпершыню абмяжоўвае экспарт пшаніцы — гэта адбывалася ў 2010 годзе праз засухі. Тады наступствамі забароны стала павышэнне цэн на прадукты харчавання ва ўсім свеце. У часопісе адзначылі, што і дзесяць гадоў таму, і цяпер Расія ўвяла экспартныя квоты нягледзячы на ўласныя значныя запасы збожжа.

«Улічваючы выкарыстанне Расіяй сваёй рэсурснай моцы, яе роля на сусветных рынках пшаніцы выклікае занепакоенасць», — гаворыцца ў артыкуле. Яго аўтары сцвярджаюць, што Масква можа выкарыстоўваць харчовую бяспеку як зброю ў «міжнароднай гібрыднай вайне». І такія паводзіны ствараюць небяспеку для іншых краін.

У канцы сакавіка Мінсельгас РФ прапанаваў усталяваць часовую квоту на вываз расійскай пшаніцы і шэрагу іншых збожжавых культур за мяжу для стрымлівання цэн ўнутры краіны. Да 26 красавіка Расія цалкам выбрала гэтую квоту і спыніла экспартаваць збожжа за выключэннем краін ЕАЭС. Пастаўкі аднавіліся пасля 1 ліпеня, адзначае rbc.ru.

Пасля гэтага Bloomberg паведаміў пра дэфіцыт расійскай пшаніцы на міжнародным рынку. У сувязі з гэтым многія краіны паспрабавалі нарасціць аб'ёмы імпарту збожжа на фоне пандэміі каранавіруса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0