Праглядаючы беларускія інтэрнэт‑рэсурсы, я час ад часу напатыкаю самыя розныя меркаванні, якія датычацца Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту. Існуюць розныя думкі адносна яго знаходжання за мяжой. У сваім новым артыкуле я паспрабую растлумачыць уласную пазіцыю адносна дадзенага пытання і зрабіць гэта як мага аб’ектыўней. Пачнем з бадай што самага хвалюючага пытання для нацыянальна‑дэмакратычнага асяроддзя. Пытанне «Ці ЕГУ – беларускі?» досыць актуальнае.

ЭГУ – беларускі

«Ды які гэта беларускі універсітэт!?», «Ды няма там нічога беларускага!», «расейшчына», «маскальшчына» і іншыя абразлівыя словы і прамовы можна пачуць на адрас беларускай ВНУ у выгнанні. З усімі гэтымі меркаваннямі і з кожным, хто мае такую думку, я магу паспрачацца. І нават больш таго: гатовы абвергнуць такія выказванні ўжо ў самым пачатку.

Ты – вольны выбіраць. Ты вольны размаўляць на той мове, на якой табе зручней атрымліваць інфармацыю для сваёй адукацыі, для атрымання ведаў, для камунікацыі з калегамі і выкладчыкамі розных нацыянальнасцяў. Падкрэслю, што асабіста я ніколі не заўважаў якіх‑небудзь праблем з беларускай мовай ва універсітэце. Але, безумоўна, гэта не значыць, што гэтай праблемы не існуе. Проста корань гэтай праблемы трэба шукаць у саміх студэнтах.

Тое, што студэнты мала размаўляюць на роднай мове – не праблема адміністрацыі ЕГУ альбо выкладчыкаў… Ці можа хтосьці прапануе прымушаць размаўляць па‑беларуску? Не і яшчэ тысяча разоў – не! Бо, па‑першае, у студэнцкім асяроддзі такі прымус не пройдзе, а па‑другое, кожны вольны выбіраць, і гэта адна з цаглін каштоўнаснага падмурку, на якім трымаецца універсітэт.

Я мяркую, што кожны даходзіць да Беларушчыны сваім уласным шляхам. Сярод шматлікіх студэнтаў я чуў цікавую і імпануючую мне думку:

– Мае дзеці будуць хадзіць у беларускія дзіцячыя садкі, у беларускія школы, – казалі мае сябры й сяброўкі.

Мова – адзін з галоўных чыннікаў любога народу, але не адной толькі мовай усё вымяраецца ды вызначаецца. Самасвядомасць, самавызначэнне, нацыянальныя пачуцці і прыярытэты, розныя іншыя нюансы… Амаль ва ўсіх студэнтаў ЭГУ прысутнічаюць гэтыя элементы.

Нельга не ўлічваць і таго факту, што ў ЕГУ ёсьць беларуская маладзёвая ініцыятыва StudAlliance, беларускі гістарычны гурток, ідзе выданне беларускіх кніг, праводзяцца самыя разнастайныя беларускія мерапрыемствы, якія і не марыліся студэнтам сённяшніх ВНУ ў Беларусі. Я ўпэўнены, што калі падзяліць колькасць беларускамоўных студэнтаў на агульны студэнцкі склад ЭГУ і параўнаць яго з любой ВНУ у Беларусі, то колькасць такіх (беларускамоўных) студэнтаў у ЕГУ будзе ў некалькі разоў вышэйшай.

Падводзячы рысу, дадам: ЕГУ быў беларускай, ёсць беларускай і застанецца беларускай ВНУ.

ЭГУ – еўрапейскі

За сваю еўрапейскасць, за дэмакратычныя і ліберальныя погляды ды падыходы ў адукацыі ЕГУ і пацярпеў ад сённяшніх уладаў. Цяперашняму аўтарытарнаму рэжыму не патрэбны вальнадумныя людзі, а тым больш вальнадумная моладзь. Гэта – небяспечна. Чаму? Бо гэтыя людзі мала паддаюцца ідэалагічнай прамыўцы мазгоў, хлуслівай прапагандзе, а што самае «страшнае» – яны маюць сваё ўласнае меркаванне. Любы недэмакратычны рэжым пужае нестандартнасць, незалежнасць і ліберальнасць. Пужае свабода…

ЭГУ – гэта прыклад вольнай, цікавай, мадэрновай адукацыі беларусаў у еўрапейскім кантэксце. Еўрапейскі акцэнт, еўрапейскі подых, еўрапейскае асяроддзе пачынаецца з назвы універсітэта і уваходу ў навучальны корпус ЕГУ і скончваецца ў сэрцы кожнага маладзёна, што вучыцца тут, у Вільні.. Адкрытыя межы – студэнцкія абмены – еўрапейскія дыпломы – еўрапейскія пэрспектывы. Гэта дрэнна? Не, не дрэнна. Людзі, што вучацца тут – скарб для будучай дэмакратычнай Беларусі.

Падводзячы рысу пад гэтым пунктам, дадам простую (падслуханаю мною) размову:

Вітаю!

– О! Здароўкі!! А ты дзе была?

– Ды ездзілі з П. у Берлін.

– О‑о! А чаму?

– Ды так проста, тут тры вольных дні было, таму вырашылі паглядзець нямецкую сталіцу, бо неяк толькі міма праляталі, а заляцець усё ніяк не атрымлівалася.

– Зразумела… А мы ў наступным месяцы з О. ляцім у Стакгольм, сяброўка запрасіла ў госці.

Каментары? Шкада, што ў звычайнай беларускай моладзі няма такіх магчымасцяў. Шкада, што людзі не могуць параўноўваць…

Чорным па белым

Безумоўна, каб быць больш аб’ектыўным, я не магу не сказаць пра слабыя ці недасканалыя акалічнасці працы такога кшталту ўстановы. І тут, з майго пункту гледжання, самай галоўнай праблемай універсітэта з’яўляецца яго фінансавая залежнасць ад «трэцяга боку»…

Кожнаму зразумела, што без фінансавай падтрымкі краін Еўрасаюзу і іншых крыніц фінансавання дадзены адукацыйны праект аднавіць было б немагчыма. ЕГУ існуе за кошт укладання фінансавых рэсурсаў у яго стабільную і дасканалую працу на карысць будучай Беларусі. Безумоўна, што факт фінансавай залежнасці – відавочны. Але тут ёсць два істотныя моманты: па‑першае, ЕГУ зусім не хавае крыніцы свайго фінансавання (у адрозненне, скажам, ад любой апазіцыйнай палітычнай партыі ў Беларусі), а па‑другое, плён працы ЕГУ відавочны – гэта некалькі тысяч студэнтаў, якія атрымліваюць якасную еўрапейскую адукацыю.

Яшчэ адной, не вельмі прыемнай, акалічнасцю з’яўляецца «палітызаванасць» гэтага універсітэта. На жаль, у руках як беларускіх, так і еўрапейскіх палітыкаў ЕГУ з’яўляецца свайго роду «разменнай манетай». Палітызаванасць «пытання ЕГУ», на мой погляд, бессумнеўная, і гэтым шмат хто карыстаецца…

Праблемнымі з’яўляюцца і факты перасячэння студэнтамі ЕГУ мяжы Літвы і Беларусі. З боку сілавых ведамстваў студэнты адчуваюць на сабе рознага кшталту ўздзеянні. Усім вядомыя факты, калі студэнтаў ЕГУ адкрыта вербуюць супрацоўнікі спецслужбаў. Да таго ж беларуская дзяржаўная прапаганда рэгулярна палівае універсітэт брудам. Ёсць шэраг праблемных момантаў і ў арганізацыі універсітэцкага жыцця… Усё гэта прысутнічае, але як студэнты, так і выкладчыкі з адміністрацыяй універсітэту намагаюцца (і дастаткова плённа) з гэтым змагацца.

ЭГУ – месца перамен…

Умацаванне жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі, адступленне ад стэрэатыпаў тут – нармальная з’ява. Студэнт, які трапляе ў адукацыйны працэс гэтага універсітэту, атрымлівае тыя веды, якія яму непасрэдна патрэбныя ў яго будучай прафэсіі. За два гады сваёй адукацыі я яшчэ не сустракаў непатрэбных мне прадметаў. Гуманітарны – значыць гуманітарны.

Гледзячы на сённяшніх першакурснікаў, я яскрава заўважаю, як людзі альбо становяцца дарослымі, альбо ламаюцца. Каб вучыцца тут, у маладзёна павінны быць унутраны стрыжань. Тут няма таты, які вырашыць за цябе ўсе твае праблемы. Няма мамы, якая прыгатуе табе смачную вячэру. Тут няма выкладчыкаў, якія кампасціруюць табе мазгі ідэалогіяй альбо сваім суб’ектывізмам. Тут ты становішся асобай. І ў працэсе станаўлення магчымы два вынікі: альбо ты становішся моцным і дарослым, альбо ламаешся і «вылятаеш» з універсітэту. Тут усё толькі ў тваіх руках.

Феномен ЕГУ

Каб зразумець ЕГУ, трэба правучыцца тут хаця б адзін сэместр. Толькі тыя людзі, якія непасрэдна звязаныя з універсітэтам (альбо вучацца тут, альбо трывала назіраюць за ім на працягу 15 год), могуць мець аўтарытэтную думку ў пытанні «феномена ЕГУ».

Для мяне гэты «феномен» заключаецца ў асэнсаванні простых рэчаў: цікавая і мадэрная адукацыя, звязаная з рызыкай магчымага пераследу, самастойнае жыццё звязанае з Вільняй (замежжам), самастойны і незалежны выбар звязаны з еўрапейскім кантэкстам адукацыі, свабода звязана з выбарам самастойнага жыццёвага шляху. Самым галоўным і каштоўным у ЕГУ я лічу выбар. Той выбар, які ты можаш рабіць сам і сам за яго адказваць.

Дадзены універсітэт ужо ўнёс сябе ў гісторыю Беларусі. Для гісторыі гэта прыклад наватарства і плюралізму ў адукацыі Беларусі перыяду найноўшага часу. Інтэрактыўнасць і атрактыўнасць з’яўляюцца сінонімамі ЕГУ.

Я ўпэўнены ў тым, што кожны са студэнтаў будзе ганарыцца тым, што ён вучыўся менавіта тут. Толькі ўявіце: вы бярэце падручнік па гісторыі Беларусі найноўшага часу і бачыце там цікавую тэму: «адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь 1991‑200..». А там? Еўрапейскі гуманітарны універсітэт як прыклад змагання за еўрапейскасць і ліберальнасць у адукацыі Беларусі. Сёння мы самі робім гісторыю нашай краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?