Затрыманне Андрэя Рабчыка. Фота Вадзіма Заміроўскага

Затрыманне Андрэя Рабчыка. Фота Вадзіма Заміроўскага

Апошнія месяцы сталі перыядам вельмі жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да журналістаў незалежных выданняў у Беларусі. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 43 карэспандэнты дзясяткаў СМІ былі затрыманыя пры выкананні службовых абавязкаў. У сувязі з нядаўнімі падзеямі журналісты незалежных выданняў Беларусі звярнуліся да грамадскасці, улад і сілавікоў.

21 ліпеня дакумент быў накіраваны на адрас міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, кіраўніка Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, генеральнага пракурора Аляксандра Канюка і міністра інфармацыі Ігара Луцкага. Па стане на раніцу 21 ліпеня пад зваротам падпісаліся 210 чалавек.

«Апошнія месяцы сталі часам надзвычай жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да журналістаў незалежных выданняў у Беларусі. За час прэзідэнцкай кампаніі падчас выканання прафесійных абавязкаў былі затрыманыя 43 журналісты з дзясяткаў СМІ. У сувязі з апошнімі падзеямі рэдакцыі незалежных выданняў Беларусі звяртаюцца да грамадскасці, улады, сілавікоў», — гаворыцца ў звароце.

Апошняй кропляй стала жорсткае затрыманне 15 ліпеня журналіста «Радыё Свабода» Антона Трафімовіча ў цэнтры Мінска пасля заканчэння відэастрыму ад Цэнтравыбаркама, які ён вёў. Супрацоўнікі міліцыі зламалі яму нос пры затрыманні. У дачыненні да яго вядзецца адміністрацыйны працэс па арт. 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы). Таксама разам з Трафімовічам была затрыманая пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Віялета Саўчыц.

Затрыманні адбываюцца ў розных гарадах краіны — ад сталіцы да Ганцавічаў.

14 ліпеня падчас асвятлення акцый пратэсту затрымлівалі журналістаў розных выданняў, некоторых - нават у жывым эфіры, на вачах дзясяткаў тысяч гледачоў. 

Гэта:

Міхась Ільін і Арцём Маёраў, «Еўрарадыё»

Аляксей Суднікаў і Усевалад Зарубін, TUT.BY

Арцём Лява, «Новы час»

Алесь Пілецкі і Андрэй Рабчык, «Радыё Свабода»

Кацярына Андрэева, Ігар Ільяш, «Белсат»

Эндзі Смайт (Andy Smythe), BBC

Надзея Пужынская, Марына Драбышэўская, Юрый Глушакоў, «Сильные новости»

Даніл Палянскі, «Першы рэгіён»

Аналагічнае здарылася і яшчэ раней - 19 чэрвеня:

Ларыса Шчыракова, «Белсат»

Аляксандра Дынько, Андрэй Рабчык, «Радыё Свабода»

Ірына Арахоўская, «Белсат»

Уладзімір Косцін, Reuters

Марыя Вайтовіч, Арцём Маёраў, «Еўрарадыё»

Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Настасся Занько, Onliner.by

Іна Кардаш, 112.ua

Анжаліка Васілеўская, Магілёў, TUT.BY

Алесь Сабалеўскі, незалежны журналіст

Алеся Лацінская, Bobr.by

Сяргей Лацінскі, незалежны журналіст

Дзяніс Носаў, «Вечерний Бобруйск»

Аляксандр Пазняк і Сяргей Багроў з «Ганцавіцкага часу» былі затрыманыя 20 чэрвеня ў жывым эфіры. Збітыя падчас затрымання. Абвінавачаныя ў непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Суд у Баранавічах прызначыў Аляксандру штраф, а Сяргею — 15 сутак арышту. 

Гэтыя дзеянні парушаюць арт. 198 Крымінальнага кодэкса, які вызначае адказнасць за «перашкаджанне законнай прафесійнай дзейнасці журналіста» і маюць адну мэту — застрашыць журналістаў і паказаць і ім, і ўсяму грамадству, што законы не дзейнічаюць, калі ёсць вышэйшыя палітычныя інтарэсы. Аднак бессаромнасць гэтых дзеянняў прыводзіць да адваротнага эфекту. Цынічнае імкненне прадэманстраваць грамадзянам, наколькі яны безабаронныя перад уладай, дыскрэдытуе ўладу, як нішто іншае. 

Мы будзем і далей выконваць свой прафесійны абавязак. Наша павага і падтрымка — з усімі бязвінна затрыманымі, збітымі, зняважанымі. 

Мы патрабуем ад улад спыніць пераслед журналістаў незалежных выданняў, а сілавікам хочам нагадаць: затрымліваючы журналістаў пры выкананні прафесійных абавязкаў і ўжываючы супраць іх сілу, вы не толькі парушаеце закон, але і самі ўчыняеце злачынства. 

Артыкул 198. Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста караюцца штрафам, або пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Зварот да кіраўніка ГУУС Мінгарвыканкама Івана Кубракова, кіраўніка атрада АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы, намесніка міністра Аляксандра Барсукова па дадзеным пытанні не меў плёну. Больш за месяц таму прэс-служба анансавала сустрэчу прадстаўнікоў міністэрства з журналістамі, якія працуюць на масавых мерапрыемствах, аднак дагэтуль такая сустрэча не адбылася. Чакаем адказу непасрэдна ад міністра ўнутраных справаў.

Пад зваротам падпісаліся 213 чалавек. Сярод іх рэдактары «Нашай Нівы», TUT.BY, Onliner.by Ягор Марціновіч, Марына Золатава і Мікалай Казловіч, рэдактары «Народнай волі», БелаПАН і радыё «Свабода» Іосіф Сярэдзіч, Ірына Леўшына і Валянцін Жданко, рэдактары Tribuna.by, Realt.by i Dev.by Максім Беразінскі, Уладзіслаў Кулецкі і Дзяніс Клявіцкі, ветэраны журналістыкі Сяргей Ваганаў (ён у свой час узначальваў «Труд в Беларуси», а цяпер узначальвае камісію па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў) і Наталля Слуцкая, а таксама рэдактары і журналісты Салідарнасці, Еўрарадыё, Белсата, «Моцных навін», «Камсамольскай праўды ў Беларусі», «Народнай волі», «Новага часу», dev.by, Tribuna.com, Realt.by, Reform.by, «Інтэкс-прэс» ды іншых выданняў.

Подпісы працягваюць надыходзіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0