Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», затрыманыя ў Брэсце вечарам 16 красавіка падчас акцыі салідарнасці з палітзняволенымі, змешчаны ў ІЧУ.
Пра гэта паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.
16 красавіка ў 20.40 пяць маладых людзей прыйшлі на галоўную плошчу горада да помніка Леніну. Яны трымалі расцяжку «Свабоду палітзняволеным!» і сцяг кампаніі.

Праз некалькі хвілін да іх падышлі супрацоўнікі міліцыі і запатрабавалі пакінуць плошчу. Пасля адмовы выканаць гэтае патрабаванне актывістаў апазіцыі затрымалі і ў 21.00 даставілі ў Ленінскі РАУС. Там іх абшукалі, знялі на відэа, склалі ў дачыненні да іх пратаколы на падставе ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў).

«Пасля гэтага затрыманыя — Уладзімір Шэлег, Яўген Скрабец, Іларыён Касянчук, Наталля Гагалюк і Кацярына Ішчык — былі змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
Як мяркуецца, суд разгледзіць матэрыялы адміністрацыйных спраў сёння, 17 красавіка», — дапоўніў Р.Кісляк.

Вечарам 16 красавіка ў Брэсце непадалёк ад гандлёвага цэнтра «Юбілейны» былі таксама затрыманы шэсць удзельнікаў акцыі салідарнасці, якую праводзілі актывісты міжнароднага грамадскага аб’яднання «Малады фронт» (Чэхія). Іх адпусцілі без складання пратаколаў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0