Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны, піша БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу адказных асоб, у тым ліку Адміністрацыі прэзідэнта, на неабходнасць надаваць больш пільную ўвагу працы на інфармацыйным полі: «Вядома, мяне здзіўляе ў апошні час праца Адміністрацыі прэзідэнта, прэс-сакратара, ды, думаю, і Наталля Іванаўна [Качанава] магла б на гэта пільней паглядзець».

Пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра інтэрнэт, але і пра традыцыйныя СМІ, напрыклад, газеты.

«Паглядзіце на папяровыя СМІ. Я сёння ўзяў усе газеты, паглядзеў на так званую «Камсамольскую праўду» ў Беларусі. Ужо хутка ў жаўцізну ператворыцца.

Ці бачыце, кіраўнік іх, седзячы ў Маскве, не тое ў Крамлі, выступіў з заявай, і пачалася тэндэнцыйная падача інфармацыі, — адзначыў Лукашэнка. — Няхай паедуць у поле, дзе сёння ідзе сапраўды бітва, барацьба за ўраджай. Небывалы ўраджай на палях сёння стаіць. Здыміце, раскажыце, сфатаграфуйце камбайнера-тысячніка.

Раскажыце аб гэтых простых людзях-рабацягах, якія кормяць краіну. Усё ж заўтра пабягуць у крамы, гэтыя пісакі, каб купіць кавалак хлеба сабе, родным, блізкім, дзецям».

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад адказных асоб выконваць свае абавязкі, а не чакаць тых ці іншых спецыяльных указанняў. «Слухайце, мы гаспадары ў гэтай краіне. Выконвайце свае абавязкі. Не можаце — скажыце, што вы не можаце. Будуць іншыя гэтым займацца», — сказаў беларускі кіраўнік.

«Ды і ва ўрадзе ў нас, Міністэрстве замежных спраў усе сядзяць, чакаюць каманды прэзідэнта. Што гэта за стаўленне да краіны? Бі-бі-сі, «Свабода», «Свабодная Еўропа» і гэтак далей, стрымы гэтыя… Я ўжо не кажу пра тэндэнцыёз, яны ж заклікаюць да масавых беспарадкаў. Чаму вы гэта церпіце? Вы ж іх акрэдытавалі тут», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на неабходнасць прымаць у падобных выпадках адпаведныя меры, нягледзячы на перадвыбарчы перыяд:

«Не трэба чакаць ніякага канца электаральнай кампаніі. Выдварайце адсюль, калі яны не выконваюць нашы законы і клічуць людзей на майданы».

«Паўтараць больш не буду, нягледзячы на тое, што мы ўвайшлі ў гэты складаны электаральны перыяд. Гэта ж не справа — за абразай абраза. Няхай мяне там выпацкалі ўздоўж і ўпоперак. Ужо накінуліся на ні ў чым не вінаватых старшыняў участковых камісій. А ў іх жа сем'і, дзеці», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0