Сябра БСДП «Грамада», былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Павел Знавец — дасведчаны назіральнік за выбарамі. Ён не прапускаў ніводную буйную электаральную кампанію ад 1994 года. Пра тое, як змяняліся выбары, а таксама падлік галасоў, як галасаваць сёлета і ці ёсць у Лукашэнкі шанцы «НН» пагаварыла з Паўлам Знаўцом.

Прэзідэнцкія выбары — 1994

У першыя прэзідэнцкія выбары я быў назіральнікам у Курасоўшчыне на выбарчым участку ля сельгасінстытута. Я быў галоўнай асобай у выбарчай камісіі. Тады датэрміновага галасавання не было ўвогуле — гэтая лухта з’явілася пазней. Усё праходзіла ў адзін дзень. А да назіральніка была вялізная павага.

Тады ж як праходзіла галасаванне? Трэба было выкрэсліваць усе прозвішчы, апроч аднаго. У першым туры было шэсць кандыдатаў: Кебіч, Шушкевіч, Пазняк, Лукашэнка, Новікаў, Дубко. Было некалькі спрэчных бюлетэняў, калі нехта да канца не выкрасліў, ці выкрасліў толькі пару літар, ці пакідаў іх. Такіх было чатыры бюлетэні, і я вырашыў іх лёс, так прапанаваў старшыня камісіі. І камісія галасавала, як прапаноўваў я.

Я карыстаўся найвялікшай павагай на ўчастку. Быў там нейкі дзед-назіральнік ад камуністаў Новікава таксама.

Кожны бюлетэнь праходзіў праз рукі. Старшыня камісіі яшчэ асобна казаў, што назіральнік будзе лічыць кожную стопку. За Шушкевіча і Пазняка было па 30%, я нават не памятаю, хто дакладна перамог там. Трэцяе месца заняў Кебіч і толькі чацвёртае Лукашэнка.

Быў перапынак на абед у нас тады, дзесьці з 15 да 16. Пакінулі на ўчастку двух чалавек. А назіральнікаў і членаў камісіі, што прагаладаліся, звазілі ў цудоўную сталоўку мясакамбіната, кармілі пюрэ з адбіўной. Гэта старшыня камісіі так дзейнічаў, ён дамовіўся, каб пакармілі і назіральнікаў.

У камісіі былі ў асноўным настаўніцы. Яны не былі заангажаваныя за Кебіча. Магчыма, іх і накручвалі ў падтрымку Кебіча, але ўсё было абсалютна дэмакратычна. Ні пра якія фальсіфікацыі гаворкі быць не магло.

На другі тур я не пайшоў назіраць, бо быў заклік Зянона і Шушкевіча, што няма годных кандыдатаў, таму не трэба ісці галасаваць, трэба, каб былі новыя выбары. Але ўжо каля 18 вечара стала ясна, што больш за 50% прагаласавала. Быў цёплы летні дзянёк, але пад вечар пенсіянеры павярталіся з лецішчаў і такі прыйшлі на ўчасткі на нашу бяду.

Канечне, Кебіч быў лепшым за Лукашэнку. Але ён не меў ніякіх шанцаў. У мяне ў вёсцы ля сельсавета вісеў плакат за Кебіча, дык яго не зрывалі, а проста даяркі аблівалі яго каровіным гноем. Асабіста я прыйшоў на галасаванне пад закрыццё ўчастка. Насупраць Кебіча напісаў «спіты інжынерышка», а насупраць Лукашэнкі — «дыпламаваны баран». Паказаў сябрам камісіі гэта. Але лепш бы быў «інжынерышка».

Парламенцкія выбары — 1995

На выбарах у Вярхоўны савет я сам балаціраваўся ў Столінскім раёне, фармаваў назіральнікаў. У тых калгасах, дзе старшыні былі пралукашэнкаўскія — было некалькі такіх, — назіральнікі мне там не дапамаглі. Толькі яны адлучацца на пару хвілін, як укінуць 200-300 бюлетэняў. Ужо тады такое было. Я і прайграў у тых некалькіх вёсках.

Але ў вялікіх вёсках, як Альшаны, Беражное, усе былі за мяне. Ёсць невялікая вёска Старына, там было 75 выбарцаў і з іх 74 былі за мяне, бо толькі я туды прыехаў. Быў старшыня камісіі Яроміч, я прыйшоў туды да яго, дзверы былі адчыненыя, і ён тэлефанаваў у Брэст Заламаю [тагачасны старшыня аблвыканкама — «НН»]: «Што мы можам зрабіць, калі ўсе за яго».

У першым туры было ажно восем супернікаў: і камуніст, і старшыня Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савета Чэх, і Сялянскай партыі, і настаўнік Разановіч з БНФ.

Афіцыйна я набраў каля 53%. А колькі насамрэч — хто яго ведае.

Канстытуцыйны рэферэндум — 1996

На рэферэндуме я быў адмысловым назіральнікам і прадстаўніком Вярхоўнага Савета. У мяне ёсць адмысловае пасведчанне яшчэ за подпісам Віктара Ганчара, які калісьці быў старшынёй ЦВК. Я ездзіў па Столінскім раёне, размаўляў з членамі камісій, каб не было злоўжыванняў, фальсіфікацый. Казаў, што Лукашэнка ідзе на дзяржаўны пераварот, а мы павінны яго спыніць, абараніць Канстытуцыю. Я думаю, што па Столінскім раёне лукашэнкаўскія змены атрымалі мо працэнтаў 20.

У 1996 усё сфабрыкавалі, мне Віктар Ганчар казаў і прыватна, і на апошніх паўзакрытых паседжаннях Вярхоўнага Савета, што папраўкі набіралі ну максімум 42%. І гэта пры татальнай прапагандзе.

Прэзідэнцкія выбары — 2001

У той год я быў даверанай асобай Сямёна Домаша. Пасведчанне даверанай асобы мне выпісаў былы палітвязень Уладзімір Кудзінаў, які незадоўга да гэтага выйшаў з турмы, ён быў адным з кіраўнікоў штаба.

Мая група падтрымкі сабрала за Домаша 5200 подпісаў у Курасоўшчыне. Маім намеснікам быў Ян Грыб, яшчэ была Людміла Белахвостава, мы ўтраіх каардынавалі. У Яна Грыба дома быў штаб. Быў такі ўздым у нас, здавалася, што ўжо ўсё. Але потым перайгралі на Ганчарыка: слабога, але наменклатурнага.

Народ падпісваўся добра за Домаша, нас было чалавек 50, сябры БНФ, Грамады і ТБМ. У асноўным хадзілі па кватэрах. Успамінаю, як заходжу ў пяціпавярховік у Курасоўшчыне, званю ў кватэру. Адчыняе мужык у трусах, у майцы, увесь у крыві і ў руках трымае вялізны цясак, мо паўметра даўжынёй. А я стаю такі з папачкай: «Прабачце, збор подпісаў за кандыдата». А гэта чалавек прывёз з вёскі паўкабана і разбіраў яго на кухні. Ці другая сітуацыя: адчыняюць хлопец з дзяўчынай маладыя. Толькі халацікі паспелі на сябе ўскінуць.

У 2001 яшчэ было нармальна. У краіне быў крызіс, народ наеўся Лукашэнкам. Я думаю, што Домаш перамог бы электральна. Нават Ганчарык па неафіцыйных звестках набраў каля 40%, а афіцыйна — 16%. Было спадзяванне, што наменклатура здасць Лукашэнку. Хітры ліс гэты, які прадаў усё і ўсіх, Мясніковіч здаў Марыніча. Яны спрабавалі вылучыць свайго, але здалі нязграбна, па-здрадніцку. Нібыта Мясніковіч, Пашкевіч, які збег у ЗША, давалі згоду на вылучэнне Марыніча.

Кіраўнічкай ЦВК была Ярмошына. Назіральнікі яшчэ маглі падыходзіць да сталоў, ззаду глядзець, але яны ўжо нешта мухлявалі. Часам галасы яшчэ лічылі. На выбарах у аблсавет у 2000 годзе па Столінскім раёне перамог рэдактар газеты «Вячэрні Столін» Ігнацюк, ён карыстаўся вялікай павагай у раёне. Ягоная газета мела больш за 10 тысяч падпісчыкаў. Але потым заднім чыслом з Адміністрацыі прэзідэнта прыйшоў загад прызнаць выбары несапраўднымі і адмянілі мандат абранага дэпутата Ігнацюка. Мабыць, у сельсаветы і раёны яшчэ абрацца можна было, але не ў аблсавет.

Калі быў жорсткі загад па Палаце, то тады ўжо жорстка зацвярджалі дэпутатаў. А вось у мясцовыя саветы яшчэ былі на гледзішча вертыкалі. Далей усё забетаніравалі і зацэментавалі. Пасля знікненняў палітыкаў гаварыць пра нейкае назіранне, кантроль за выбарамі, было ўжо немагчыма.

Прэзідэнцкія выбары — 2006

На выбарах 2006 года я быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Казуліна. Мяне ў тыя выбары збілі ля РАУСа з шэрагам іншых людзей, у тым ліку журналісту «Камсамольскай праўды» Алегу Улевічу зламалі нос. Тады тры разы стралялі ў колы машыны, на якой ездзіў Аляксандр Казулін. Супраць нас выкарыстоўвалі розныя прыёмы: падсечка, валіліся ў бруд.

З тых часоў і па сёння я сябрую з Казуліным. Ён шчыры, сумленны чалавек, адышоў ад спраў, калі пабачыў бруд унутры тытульнай апазіцыі, падседжванне дзеля фінансавання. Я лічу, што гэта такі годны ўчынак чалавека. Можа, і не да канца правільны, можа, варта было б змагацца далей.

У 2006 годзе назіранне — гэта было пустое. Займаліся ім толькі для таго, каб быць у тонусе, каб людзі заставаліся ў палітыцы і хаця б мінімальна стрымлівалі тое бязмежжа, трэба ўсё адно неяк фіксаваць парушэнні. Захад фактычна прызнаў рэжым, хаця і ўводзіў мікраскапічныя санкцыі, я іх параўноўваю з укусам камара. Я лічу, калі б увялі сур’ёзныя санкцыі, то рэжым бы рухнуў.

26 гадоў мы змагаліся фактычна не з Лукашэнкам, а з расійскай падтрымкай рэжыму. Калі б за ім не стаяла Расія, то яго скінулі б яшчэ ў 1995 годзе пасля збіцця кандыдатаў.

Прэзідэнцкія выбары — 2010

Год крывавай Плошчы і параду кандыдатаў. Рэальна сабралі подпісы толькі Някляеў, Раманчук і Саннікаў. Я ведаю, што Статкевіч з Усам сабралі каля 57 тысяч, яны разам збіралі. Але Лукашэнка аддаў загад Ярмошынай рэгістраваць усіх. Міхалевіч, здаецца, тысяч 12 сабраў. І Рымашэўскі таксама не сабраў. Павел Севярынец мне ў апошні тыдзень збору подпісаў казаў, што за Рымашэўскага сабралі 27 тысяч подпісаў.

І гэта быў апошні тыдзень, калі ўжо людзі асабліва не распісваліся. А Севярынец — вернік, ён не хлусіць. Гэта значыць, што ў падтрымку Рымашэўскага было тысяч 30 подпісаў.

Па назіранні ў 2010 годзе ў нас быў адмысловы эксперымент. Мы ведалі, што ў Беларусі ёсць пяць участкаў, дзе назіранне адкрытае і вядзецца больш-менш адкрыты падлік галасоў. І адным з такіх участкаў з’яўляецца гімназія насупраць Адміністрацыі прэзідэнта на Карла Маркса.

Там у камісіі быў наш сябра БСДП Цяцёркін. Канечне, нам не давалі ў рукі бюлетэні, але пры нас лічылі кожны стос галасоў. У датэрміновым Лукашэнка набраў пад 90%. А ў сам дзень выбараў ён, здаецца, заняў чацвёртае месца. У асноўны дзень перамагаў Саннікаў. І па выніках асноўнага дня і датэрміновага выходзіў другі тур, у які выходзілі Саннікаў і Лукашэнка. І трэцім быў Някляеў, ён таксама не нашмат адстаў. Там было тое, што блізка да празрыстага падліку. Празрысты ўсё ж — гэта калі кожны бюлетэнь дэманструецца.

І калі я выйшаў адтуль на Плошчу, то быў гатовы абвесціць, што будзе другі тур, што ёсць такія лічбы, але ўжо пачаўся разгон. Я выйшаў з Плошчы, бо прыкінуўся замежным карэспандэнтам, размаўляў па-англійску. Мяне не збілі, не затрымалі. Калі я завярнуў на Валадарскага, то там стаяў аўтазак, кідалі туды людзей, але падумалі, што я замежнік, таму не кранулі.

Прэзідэнцкія выбары — 2015

Абсалютныя псеўдавыбары. Але мяне цешыць толькі адно: лідары статуснай апазіцыі Лябедзька і Калякін не пайшлі на маштабны падман народа. Але наша былая партыйная дзяячка Таццяна Караткевіч пайшла на маштабную хлусню. Яны сабралі толькі больш за 30 тысяч подпісаў. Зарэгістравалася лялька, як казаў Уладзімір Някляеў.

Але Караткевіч, да яе гонару, не прызнала вынікі выбараў, таму Лукашэнка яе адфутболіў і зрабіў замену на Канапацкую на парламенцкіх выбарах, а потым яе ўжо зусім спісалі з палітыкі.

У 2015 я быў назіральнікам у беларускамоўнай гімназіі. Там настаўнікі супраць волі займаюцца прыпіскамі. Мне адна казала: пішыце скаргі ў пракуратуру, але потым гэта ўсё адно да нас прыйдзе. Мы ўжо ведаем гэтую схему.

Прэзідэнцкія выбары — 2020

Галасаванне павінна быць таемным у кабінцы, але голас свой трэба дэманстраваць. Сёлета павінен быць савецкі лозунг: усе на выбары. Адгаварыце прыхільнікаў Лукашэнкі толькі ісці на галасаванне, скажыце бабулям, што каранавірус і ісці не трэба.

Павінны прыйсці на ўчасткі ўсе праціўнікі, Лукашэнка павінен набраць мізер. Галасаваць трэба за Ціханоўскую, калі Лукашэнка яе не здыме (а мне здаецца, што здыме пад любым соусам). Выходзіце з кабінкі і кажаце ўсім, хто там будзе (назіральнікам, камісіі, прэсе): за Ціханоўскую. Гэта не трэба разрываць бюлетэні, як прапаноўваў Паганяйла, так прасцей, менш напружна. Гэта будзе пратэстнае галасаванне анлайн. Калі чалавек не давярае падлікам камісіі, то ён павінен так рабіць. Калі нават 30% так зробіць, то будзе разгромнае паражэнне Лукашэнкі ад Ціханоўскай.

Калі ж Лукашэнка здыме Ціханоўскую, то ўсім спойлерам трэба таксама зняцца. А Канапацкую людзі проста праклянуць. Ва ўсіх жа ёсць смартфоны. Для дыктатара гэта будзе шок. Лукашэнка робіць усё большыя памылкі: саджае, разганяе. Калі ў грамадстве кіраўнік мае падтрымку менш за 25%, то рэжым рушыцца па-любому. І ўсё да гэтага ідзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?