Больш за месяц таму былі затрыманыя брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін і яго калега з Бярозы Аляксандр Кабанаў, якія таксама з'яўляюцца актывістамі руху па барацьбе з акумулятарным заводам. Яны знаходзяцца ў СІЗА ў Мінску як абвінавачаныя па крымінальнай справе. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі, піша Брэсцкая газета.

Адзіны спосаб сувязі з Кабанавым і Пятрухіным цяпер — лісты і паштоўкі. Актывіст Дзмітрый Андрасюк паказаў лісты, якія атрымаў у адказ на свае паштоўкі. Ліст Пятрухіна зусім кароткі, у Кабанава трохі даўжэйшы. Абодва пішуць, што ў іх усё нармальна, наколькі гэта можа быць у сітуацыі, якая склалася.

«Чытаю кнігі запоем. Абавязкова напішу пра гэта мемуары. Усім прывітанне. Я ў парадку, чаго і ўсім жадаю», — гаворыцца ў лісце Сяргея Пятрухіна.

«У нас усё нармас, як у турме. Настрой нармальны, не сумую. Нам з Сержыкам яшчэ адзін артыкул выставілі, 369. Кагосьці там абразілі. За нас асабліва перажываць не трэба, я асабіста быў гатовы да любога развіцця падзей. Шкада толькі, што не ведаю, што там адбываецца на волі.

«Усім акумулятаршчыкам вялікае прывітанне!!!» — піша ў канцы Кабанаў.

Дарэчы, 30 ліпеня ў яго дзень нараджэння, адправіць віншаванне блогеру можна па адрасе: 220030, Мінск, вуліца Валадарскага, 2, СІЗА-1, Кабанаву Аляксандру Аляксандравічу. На гэты ж адрас можна напісаць і Сяргею Сяргеевічу Пятрухіну. Калі жадаеце атрымаць адказ, укладзіце ў свой ліст чысты канверт з адваротным адрасам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0