15 ліпеня Аляксандр Куўшынаў ехаў да ЦВК падаць скаргу. А праз некалькі гадзін апынуўся з веласіпедам у аўтазаку, дзе нечакана сустрэў роднага брата. За пытанне «як праехаць?» Аляксандра адправілі на 10 сутак ў ізалятар. Брату Віктару далі на дзень больш.

Вось так Аляксандра Куўшынава заносілі ў аўтазак 15 ліпеня. Фоты Надзеі Бужан.

Вось так Аляксандра Куўшынава заносілі ў аўтазак 15 ліпеня. Фоты Надзеі Бужан.

Пра айцішніка, які адкрыў беларускамоўныя садкі, спадзяваўся пачытаць у камеры Караткевіча і гатовы рызыкаваць сваёй кароткатэрміновай будучыняй дзеля шчасця чацвярых дзяцей, — у матэрыяле «Нашай Нівы».

«Калі тату выпусцяць?»

Вечар суботы. У чаканні Аляксандра на Акрэсціна сабраліся сябры і ўся сям’я — бацькі, жонка, трое дзяцей. Не было толькі старэйшага сына, які цяпер у ІТ-летніку.

Маці Таццяна трымалася на дзіва спакойна. Яна ведае, як там, за калючым дротам: у 2006-м за Плошчу атрымала 15 сутак. Адбывала іх у ізалятары на Скарыны. Аляксандру ў тым годзе далі 10 сутак.

Айцішнік быў на Плошчы і ў 2010-м — ізноў 10 сутак. 

Калі яго затрымалі на гэты раз, маці спадзявалася, што абыдзецца: як-ніяк чацвёра дзяцей. Упаяюць вялізны штраф, тым больш бюджэту грошы патрэбны. Не абышлося.

У 19:45 сям’я падышла бліжэй да дзвярэй — вось-вось выйдзе Аляксандр. Калі праз 10 хвілін яго ўсё яшчэ няма, жонка пачынае хвалявацца. «Калі тату выпусцяць?» — зазірае ёй у вочы маленькая дачка.

Праз пару хвілін уся малеча апынаецца на ганку. «Та-та!» — гучна разносіцца пад сценамі Акрэсціна.

Нарэшце паказваецца Аляксандр. З усмешкай і чахлом з «Пагоняй» у руцэ — усё, што засталося ад канфіскаванага тэлефона (следчыя забралі яго на экспертызу). У пакеціку ён вынес самаробныя шахматы, злепленыя з хлебу і пафарбаваныя пастай, — гэта ўжо другая партыя, першую ахоўнікі адабралі. Веласіпеда няма — чакае гаспадара ў РУУС.

Мама Таццяна сустракае сына.

Мама Таццяна сустракае сына.

«У камеры ніколі не выключалася святло, нават ноччу»

Гэтыя дні Аляксандр правёў у камеры з братам. Кажа, што пра яго кейс з веласіпедам ведалі ўсе міліцыянты.

«Там ёсць спецыяльная праграма для палітычных зняволеных. Як гэта выглядае? Па-першае, ніколі не выключаецца святло, нават ноччу, і ў такіх умовах даводзіцца ўсім спаць.

Па-другое, ніякай літаратуры трымаць у камеры нельга, ні газет, ні кніг. Мая жонка Таццяна перадавала мне Караткевіча, «Каласы пад сярпом тваім» — так і не пачытаў. Шахматы даводзілася штоноч хаваць, бо зранку ператрус у камеры. Ахоўнікі шукаюць рэчы, якія дапамагаюць бавіць час. Бо самая істотная праблема ізалятара — гэта тое, што там няма чаго рабіць.

Самаробныя шахматы.

Самаробныя шахматы.

Па-трэцяе, матрацы, якія тут завуць «ватай», а 6-й раніцы забіраюць. Металічныя ложкі з рэйкамі ўпіваюцца ў косці. Калі ў «хаце» (камеры) ёсць хоць адзін палітычны, усе будуць без «ваты». Такім чынам міліцыянты спрабуюць зрабіць, каб іншыя зняволеныя ціснулі на палітычных. Але гэта не працуе.

Некаторыя нервуюцца — але больш злуюцца на адміністрацыю, чым на нас. Мы сядзелі з 45-гадовымі людзьмі, у якіх 25 гадоў ходкі, вельмі крымінальныя суседзі. Але ніводнага разу не было, каб мы адчувалі сябе няёмка ці небяспячна», — апісвае будні на Акрэсціна айцішнік.

Аляксандр з жонкай Таццянай.

Аляксандр з жонкай Таццянай.

«Дзяржавы павінна ствараць спрыяльныя ўмовы не толькі ў ІТ»

У ІТ Аляксандр больш за 11 год. Ён топ-менеджар кампаніі Gurtam (дырэктар падраздзялення Wialon), якая распрацавала сістэму спадарожнікавага маніторынгу для бізнэсу. Брат Віктар — адзін з кіраўнікоў PandaDoc. Гэта міжнародная кампанія дапамагае аўтаматызаваць дакументазварот, а яе заснавальнік беларус Мікіта Мікада цяпер жыве ў Крэмніевай даліне ў ЗША (ён, дарэчы, быў адным з герояў у сюжэце Дудзя).

У сферу высокіх тэхналогій браты Куўшынавы трапілі не як праграмісты, а хутчэй як бізнэсоўцы. Абодва скончылі факультэт маркетынгу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Рыторыка ўлады пра тое, што дасягненні ІТ — асабістая заслуга кіраўніка краіны, Аляксандра абурае.

«Пэўную падзяку можна выказаць Лукашэнку за тое, што вялікія перашкоды для развіцця сферы не ствараюцца. Умовы для гэтага бізнэсу нармалёвыя — факт. Але развіццё — гэта дасягненні тых людзей, якія ім займаюцца і распрацоўваюць вядомыя на ўвесь свет прадукты.

А мэта дзяржавы ўвогуле, не толькі адносна ІТ, — ствараць спрыяльныя ўмовы для прадпрымальніцтва, машынабудавання, сельскай гаспадаркі і ўсяго астатняга. Гэта, напэўна, тое, для чаго такі інстытут, як дзяржава, і існуе», — разважае мужчына. 

«Хачу, каб новае пакаленне расло сапраўднымі беларусамі»

Аляксандр яшчэ і стваральнік сеткі беларускамоўных садкоў «Зорачкі». Першы садок адкрыўся два гады таму на вуліцы Авангарднай у Мінску, другі — летась на Прывабнай. Гэта тое, чаго шматдзетнаму тату самому не хапала — сваю дачку ён вазіў на заняткі ў Ратамку, дзе была невялічкая група на пяць чалавек.

«Я з юнацтва ўдзельнічаў у пэўных палітычных арганізацыях (быў у Маладых дэмакратах, дагэтуль сябра АГП — «НН»), але прыйшло пэўнае разуменне, што ў кароткі тэрмін наўрад ці ў краіне нешта зменіцца, таму трэба рабіць рэчы, каб прынамсі новае пакаленне расло сапраўднымі беларусамі і ў іх атрымалася жыць у іншай краіне. Для сваіх дзяцей мне хацелася мець беларускамоўнае культурнае асяроддзе», — тлумачыць мужчына.

Фота з Facebook

Фота з Facebook

Яго старэйшыя дзеці ходзяць у прыватную школу «Краіна сяброў», якой займаецца актрыса Ганна Харланчук. На дзяржаўныя ўстановы Аляксандр вялікіх надзей не ўскладае.

«Мой старэйшы сын хадзіў у беларускамоўную гімназію №4. Але беларускасць там больш на паперы, чым у рэчаіснасці, на вялікі жаль. Некаторыя заняткі ладзяцца па-беларуску, некаторыя так-сяк. Гэта была больш паказуха — яны робяць намаганні, але не на такім узроўні, як бы мяне задавальняла».

У айцішніка, дарэчы, машына з вышыванкай. За чатыры гады, што ездзіць на ёй, ніякіх прыдзірак ад ДАІ не было на гэты конт.

«Проста жыць добра і зарабляць грошы недастаткова, каб быць цалкам шчаслівым»

На гэтых выбарах Аляксандр збіраўся галасаваць за Віктара Бабарыку. Уласна, ён і апынуўся ў чарзе пад ЦВК, калі прыехаў аспрэчваць рашэнне аб яго нерэгістрацыі кандыдатам.

«Да Цапкалы ёсць пытанні па біяграфіі, ён вельмі доўга супрацоўнічаў з рэжымам і, як мне падаецца, не ўсё там было чыста, — тлумачыць мужчына, чаму абраў не былога кіраўніка ПВТ. — Што ў Бабарыку падабаецца? З’явіўся чалавек, які мае і добры рэсурс, і біяграфію, і досвед, што прыцягвае.

І тое, чым ён адрозніваецца ад кандыдатаў на папярэдніх выбарах, — Бабарыка кажа пра стаўленне да людзей: узаемапавагу, дабрыню. І людзі адчуваюць, што ім гэта патрэбна — каб аб іх не выціралі ногі, як робіць дзейны прэзідэнт».

«Вы айцішнік, прадстаўнік таго класа, які ў прынцыпе ў Беларусі жыве добра. Чаму вы выходзіце пратэставаць?» — пытанне Аляксандру.

«Большасць тых, з кім мне давялося правесці гэтыя 10 дзён, — людзі, якія жывуць добра. У мяне ў камеры былі і прадпрымальнік, і бізнэсовец, які займаецца оптавым гандлем, наведаў 30 краін. Мне падаецца, што менавіта такія людзі разумеюць, што проста жыць добра і зарабляць грошы — гэта недастаткова для таго, каб быць цалкам шчаслівым. І тыя пытанні, якія яны ставяць перад сабой і дзяржавай, узнікаюць тады, калі ты свае асноўныя патрэбы ўжо задаволіў. 

Калі людзі дарастаюць да гэтага ўзроўню, яны адчуваюць унутраную свабоду, каб у тым ліку выходзіць на Плошчу, рызыкаваць сваёй кароткатэрміновай будучыняй. Бо маюць пэўны запас, каб у бліжэйшыя паўгода сям’я пражыла, пытанне пра «згубіць працу» неістотнае.

Чым менш людзі залежаць ад дзяржавы, тым больш у іх патрабаванняў да яе. А тыя, хто працуе на МАЗе, БелАЗе, у школах — іх гэтая сістэма і трымае. Бо калі з завода звальняюцца, у іх няма магчымасці хутка знайсці нармалёвую працу.

Майму старэйшаму сыну 14. І я разумею, што калі зараз сітуацыя не зменіцца, то на наступныя выбары турбавацца мне давядзецца не толькі пра сябе, але і пра сына, які, верагодна, пойдзе на Плошчу. А гэта падвойная адказнасць і рызыка. Самому пайсці на Акрэсціна — гэта адно, а калі туды трапляе твой сын…

Таму я лічу сваёй адказнасцю перадаць яму Беларусь у тым стане, у якім яму б не давялося на Плошчы адстойваць свае грамадзянскія правы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?