Лідара «Маладога фронта» Дзяніса Урбановіча хочуць апытаць па факце здзяйснення крымінальнага злачынства. Сам актывіст знаходзіцца ў доме бацькі ў Лагойскім раёне, паведамляе spring96.org.

Як паведаміў Леанід Кулакоў, дом ачэплены супрацоўнікамі міліцыі і людьмі ў цывільным.

Пакуль вядома, што Дзяніс Урбановіч не збіраецца адчыняць ім дзверы. На ягоныя просьбы прадставіцца праваахоўнікі маўчаць.

Стала вядома, што ў доме знаходзяцца ўсе тры браты Урбановічы — Дзяніс, Арцём і Максім.

Карэспандэнту Белсата Урбановіч паведаміў наступнае:

«Сядзім у асадзе. Прыехалі ў цывільным — дзве машыны — і адна міліцэйская. Ачапілі, просяць выйсці на размову. Нібы нейкая крыміналка распачатая супраць нас братоў — у нас тут тры браты зараз. Нічога не кажуць. Кажуць выйдзіце паразмаўляць, даць тлумачэнні. Мы зачыніліся».

Міліцыянты перакрылі машынамі дарогу з двух бакоў. Самі яны зараз знаходзяцца ў аўто, увесь час перамаўляюцца па тэлефонах.

У 14:25 стала вядома, што тэлефоны Дзяніса і Максіма недасяжныя, але яны паспелі паведаміць што бацькаву хату пачалі ачапляць. Агулам Дзяніс налічыў 4 бусы з сілавікамі.

Верагодна, яны затрыманыя.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?