Гарадзенскі тэатр лялек прадставіў знакамітую і знакавую трагікамедыю Янкі Купалы ў Вільні – горадзе, які насялялі тыя самыя «Тутэйшыя».

Калі ў Мінску пабачыць спектакль – рэдкая ўдача, то для беларускіх віленчукоў гэта не сталася вялікай праблемай. 16 красавіка ў віленскі тэатр лялек завітаў аналагічны гарадзенскі. Тэатралы з Горадні прыбылі ўсяго на адзін вечар, але з самай каларытнай пастаноўкай, якую толькі можна абраць.

Арганізатары — Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў (JuBIC) — так апісвалі п’есу ў рэкламках: «Беларусь — краіна, большасць насельніцтва якой калісьці сябе звала проста «тутэйшымі». На якой мове пісаць назвы вуліц — пытанне, актуальнае і ў сённяшняй Беларусі, і сто год таму, калі былі створаныя цяпер легендарныя «Тутэйшыя».

Акупацыя змяняла акупацыю, тэрыторыя пераходзіла з рук у рукі, а мясцовым, як правіла, выпадала роля статыстаў.
Прыстасоўвацца ці не да ўсё новых умоў, супраціўляцца ці страціць чалавечую годнасць — у гэтым дылема тутэйшых. Перакладаць ужо на іншую мову таблічку з назвай вуліцы, ці яшчэ не? Гэта па‑ранейшаму — жывая гісторыя. Шмат што свайго ў гэтай п’есе — як і ў беларускай гісторыі ўвогуле — знойдзе для сябе паляк, расеец, літовец. Адчайныя пошукі свайго «я» ў постмадэрным свеце — нялёгкая задача, якая стаіць не толькі перад нарэшце збудаванай беларускай дзяржавай, але і перад кожным чалавекам свету».

І насамрэч, спектакль сабраў цэлую залю гледачоў розных нацый, узростаў, заняткаў і нават палітычных перакананняў. Наведалі імпрэзу сябры Таварыства беларускай культуры, прадстаўнікі беларускай школы імя Скарыны разам з дырэктаркай Г.Сівалавай, студэнты ЕГУ, іншыя мясцовыя беларусы, літоўцы, нават шведы.

Вобразы «Тутэйшых» разыгрываліся і з дапамогай лялек, і жывой акторскай гульнёй таленавітых гарадзенцаў. Прыемнай неспадзяванкай для гледачоў стаў удзел у пастаноўцы Віктара Шалкевіча, які па‑майстэрску выконваў адразу некалькі роляў (усіх персанажаў падзялілі агулам 4 акторы), весяліў прысутных жартамі па сцэнарыі і пазапланавымі імправізацыямі.

Прыезд «Тутэйшых» у сённяшнюю літоўскую Вільню выклікаў мноства пазітыўных эмоцыяў, пакінуўшы два рытарычныя і непрыемныя пытанні. Чаму гэты ва ўсіх сэнсах карысны твор не дазваляюць ставіць у горадзе падзеяў п’есы — Мінску? І што мы робім не так, чаму гэты трагічны сюжэт стогадовай даўніны пра нібыта бяздомных беларусаў‑прыстасаванцаў такі ж актуальны?..

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру